«Мяне заўсёды абурала, з якім ухілам апазіцыйныя СМІ пішуць пра расійскую «пятую калону» ў Беларусі, — напісаў нам у «Нашу Ніву» былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок. — Людзі, якія крытыкуюць Лукашэнку за дыктатарства і паліцэйскую дзяржаву, крычаць: куды глядзіць КДБ, куды глядзіць міліцыя!?

Пакінем убаку той факт, што КДБ і міліцыя самі напалову складаюцца з фанатаў Пуціна, і таму звяртацца да іх — гэта ўсё роўна што звяртацца да ахоўніка газавай камеры з просьбай выратаваць ад смерці. Галоўнае не гэта.

Паважаныя, дзе ваш гонар? Калі хто забыў, дэмакратыя — гэта ўлада народа. А не ўзброеных прафесіяналаў з пагонамі і не спецыялістаў ад карнай бюракратыі.

Не займайцеся даносніцтвам рэжыму на сваіх палітычных ворагаў! Рэжым узмацняецца ад ЛЮБЫХ рэпрэсій — што супраць казакоў, што супраць беларускіх нацыяналістаў. Затопчуць «рускі свет», возьмуцца за вас з падвоенай сілай.

Апеляцыя да дзяржавы ў вырашэнні канфліктаў заўсёды ўзмацняе толькі дзяржаву, а не таго, хто апеляваў.

Ці вынікае з гэтага, што трэба не заўважаць імперыялістычных баевікоў у Беларусі? Вядома, не. Але ажыццяўляць свае ідэі і самаабарону трэба метадам прамога дзеяння. Прамое дзеянне — гэта ажыццяўленне сваіх правоў явачным парадкам. Замест таго, каб пісаць чалабітныя ў дзяржструктуры, трэба самім рабіць тое, што лічыш патрэбным і справядлівым.

Не буду заклікаць да нейкіх радыкальных дзеянняў. Для пачатку трэ’ было б выкласці адрасы, тэлефоны і месцы працы неанацыстаў. Ці прыйсці на іх мерапрыемства вялікай колькасцю людзей, з журналістамі і камерамі — не біцца, а проста яго сарваць.

Варыянтаў маса, толькі не трэба спадзявацца на дзяржаву. Гэтым вы прыніжаеце самі сябе», — напісаў Дзядок.

Як суверэнітэт, так і парадак можа абараніць толькі дзяржава. Ніякія асобныя суполкі і групоўкі нічога тут не змогуць. Наадварот, толькі стварылі б хаос, які б даў замежным імперыялістам падставу для інтэрвенцыі.

Таму аўтары і чытачы і апелююць да КДБ, Памежнага камітэта і палітычнага кіраўніцтва. Таму мы і падымаем пытанні агульнанацыянальнай важнасці.

Рэдакцыйная пазіцыя «Нашай Нівы» розніцца ад вашай, анархістаў, і ў стаўленні да сілавых структур. Вы лічыце іх адназначна ворагамі. На нашу думку, без іх не можа існаваць ніякое паспяховае грамадства ў сучасным свеце. Утапічна думаць пра дзяржаву без сілавых структур. Прычым, як паказаў вопыт ХХ стагоддзя, людзі найбольшай крывёй плацілі менавіта за ўтопіі.

Абарона нацыянальнай дзяржаўнасці, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі — асноўныя задачы дзяржавы, і правільна, што грамадзяне настойліва таго патрабуюць. Гэта іх права, і гэта абавязак дзяржавы — рэагаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?