Прадстаўнікі Мінабароны і МЗС Расіі разам са сваімі калегамі з Мінска пачалі падрыхтоўку тэкста пагаднення аб расійскай авіяцыйнай базе ў Беларусі, падпісанне дакумента намячаецца на чарговай сумеснай калегіі абаронных ведамстваў дзвюх краін, якая пройдзе ўжо ў бліжэйшыя тыдні, піша «Независимая газета».

Прычым авіябаза, па інфармацыі выдання, пачне функцыянаваць ужо са студзеня 2016 года. Гэтак хуткае разгортванне расійскай авіябазы ў Беларусі, крыніцы газеты, разглядаюць як меру ў адказ на магчымае размяшчэнне Пентагонам ў Еўропе новых ядзерных узбраенняў.

Па дадзеных суразмоўцаў «НГ», як мяркуецца, у склад базы акрамя знішчальнага палка Су-27 ўвойдзе навучальнае звяно Су-27, а таксама эскадрылля ваенна-транспартных верталётаў Мі-8. Саму базу будуць прыкрываць зенітныя ракетныя комплексы С-300У са складу 147-й зенітнай ракетнай брыгады ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі.

«Колькі будзе каштаваць Расіі арэнда авіябазы ў Бабруйску, пакуль не вядома. Але гэта не з'яўляецца мэтай перамоваў, адзначаюць крыніцы», — піша газета.

Як раней паведамлялася, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 19 верасня распарадзіўся падпісаць пагадненне аб стварэнні расійскай авіябазы ў Беларусі. Адпаведны дакумент апублікаваны на афіцыйным інтэрнэт-партале прававой інфармацыі.

Пагадненне ўстанаўлівае парадак прымянення авіябазы сумесна з Узброенымі сіламі Беларусі для абароны дзвюх краін, уключаючы «супрацьдзеянне ўзброенага нападу з боку міжнародных тэрарыстычных фарміраванняў». У пагадненні прапісаны парадак размяшчэння, выкарыстання і функцыянавання расійскай авіяцыйнай базы на тэрыторыі Беларусі, а таксама ўзаемадзеянне расійскага кантынгенту базы з Узброенымі сіламі Беларусі. Месца дыслакацыі базы не пазначана.

Пагадненне будзе дзейнічаць на працягу 15 гадоў i аўтаматычна працягваецца на наступныя 5-гадовыя перыяды — пры ўмове згоды расійскага і беларускага бакоў.

Нагадаем, у чэрвені 2015 міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што пытанне аб размяшчэнні расійскай авіябазы — палітычнае. «Пытанне пра час і месца стварэння расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ў цяперашні час знаходзіцца ў палітычнай плоскасці яго рашэння», — адзначыў кіраўнік беларускага ваеннага ведамства.

Аб магчымым размяшчэнні авіябазы РФ ў 2016 годзе пад Бабруйскам заявіў у кастрычніку мінулага года галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-палкоўнік Віктар Бондараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?