За год 30 буйных беларускіх наймальнікаў звольнілі больш як 17 тысяч работнікаў. Гэта вынікае са справаздачы пра дзейнасць адкрытых акцыянерных таварыстваў за II квартал 2015 года, якую апублікавала на сваім сайце Міністэрства фінансаў.

Самыя масавыя скарачэнні работнікаў адбыліся ў машынабудаўнічай галіне. У ААТ «МАЗ» звольнілі 2.300 чалавек, ААТ «МТЗ» — 1.756, ААТ «БелАЗ» — 1.195, ААТ «Гомсельмаш» — 1.073. 

Значныя скарачэнні адбыліся таксама на найбуйнейшых прадпрыемствах калійнай, нафтахімічнай і будаўнічай галін. Так, у ААТ «Беларуськалій» за год скарацілі 1.187 чалавек, ААТ «Нафтан» — 1.141, ААТ «Белшына» — 1.434, ААТ «МАПІД» — 847. 

Як тлумачаць эксперты, прадпрыемствы вымушаны скарачаць персанал з-за неспрыяльнай сітуацыі на знешніх рынках. Як правіла, беларуская прадукцыя не знаходзіць збыту ў Расіі, таму заводы скарачаюць аб'ёмы вытворчасці. Гэта, у сваю чаргу, падштурхоўвае кіраўніцтва прадпрыемстваў да пераводу супрацоўнікаў на няпоўны працоўны тыдзень або да скарачэнняў. 

«Калі раней, пры больш ці менш добрай кан'юнктуры на знешніх рынках, калі збыт быў больш ці менш забяспечаны, прадпрыемствы з сацыяльных меркаванняў маглі трымаць лішнюю частку працоўнай сілы, то цяпер сітуацыя настолькі пагоршылася, што прадпрыемствы ўжо не могуць цягнуць гэты баласт, таму пачалі яго расчыстку», — адзначаў раней у каментары БелаПАН старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?