Германія выступае за правядзенне адкрытага дыялогу з Беларуссю. Пра гэта ў інтэрв`ю БелаПАН заявіў новы пасол ФРГ Петэр Дэтмар, адказваючы на пытанне пра пазіцыю сваёй краіны адносна еўрапейскіх санкцый у дачыненні да Беларусі.

Паводле яго слоў, пасля доўгіх гадоў складаных адносінаў з афіцыйным Мінскам вызваленне палітзняволеных, а таксама пазітыўная роля Аляксандра Лукашэнкі ва ўкраінскім працэсе, які падаў мінскую пляцоўку для правядзення мірных перамоў, адбіліся «станоўчым чынам на развіцці адносінаў паміж Беларуссю і ЕС». 

«Дыскусіі ў Бруселі пра будучыню адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і ЕС пачаліся не ўчора, а ідуць ужо значны час. Пры гэтым размова ідзе, вядома, і пра пытанне санкцый. Пытанне перагляду санкцый павінна вырашацца 31 кастрычніка. Ці пойдзе Брусель на тое, каб зрабіць пэўныя крокі ў гэтых адносінах яшчэ да 31 кастрычніка або ж выкажацца па гэтым пытанні пасля таго, як пройдзе яго фармальнае абмеркаванне, сёння прадказаць складана», — зазначыў нямецкі дыпламат. 

Дэтмар падкрэсліў, што правядзенне дыялогу з беларускімі ўладамі не азначае для ЕС адмовы ад сваіх каштоўнасцяў. «Мы не адмаўляемся ад пэўных рэчаў, якія былі важныя для нас у мінулым. Яны захоўваюць сваю актуальнасць. Гэта і правы чалавека, і дэмакратыя, і прынцыпы прававой дзяржавы, — сказаў пасол. — Мы павінны абмяркоўваць гэтыя праблемы. Калі мы будзем іх замоўчваць, гэта ні да чаго не прывядзе. Але іх абмеркаванне прыўносіць выразнасць у пазіцыі бакоў». 

Петэр Дэтмар заклікаў даць шанс «новаму ўздыму» ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС, каб пасля заканчэння найбліжэйшых тыдняў і месяцаў паглядзець, наколькі вялікая гатоўнасць беларускага боку пайсці на пэўныя крокі па тых пытаннях, якія вызначаныя як праблемныя. 

«Асабіста я спадзяюся, што некаторыя рэчы зменяцца ў пазітыўным кірунку», — сказаў новы пасол Германіі ў Беларусі. 

Шасцідзесяцідвухгадовы Петэр Дэтмар узначаліў пасольства Германіі ў Беларусі ў верасні гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?