Еўропа сёлета сутыкнулася з велізарным наплывам бежанцаў. З пачатку года сюды прыбылі 500 тыс. чалавек, а кіраўнік Еўрапейскай рады Дональд Туск кажа, што гэта толькі пачатак і трэба рыхтавацца да мільёна патэнцыйных уцекачоў.

Беларусы, у сваю чаргу, дыскутуюць, ці маглі б яны прымаць бежанцаў. І відаць, пакуль не гатовыя. Але цягам ХХ стагоддзя мы як мінімум двойчы станавіліся бежанцамі і ўцякалі з краю: або на ўсход, як у пачатку Першай сусветнай, або на Захад, як у канцы Другой сусветнай.

Так, улетку 1944 г. на тэрыторыі Германіі апынуліся каля 700 тыс. нашых суайчыннікаў. Гэта былі, як вязні канцэнтрацыйных лагераў, былыя ваеннапалонныя, так і тыя, каго вывезлі на прымусовыя працы немцы. Да іх далучыліся і тыя, хто добраахвотна пакінуў Беларусь летам 1944 г. Прычым не абавязкова вядзецца пра тых, хто падчас нямецкай акупацыі працаваў у адміністрацыі, настаўнічаў, служыў у паліцыі.

Дзясяткі тысяч, што ніякім чынам не былі ангажаваныя ў нацыянальна-грамадскае жыццё, добраахвотна пакінулі Радзіму, бо бачылі савецкія рэпрэсіі ў 1930-х, прымусовую калектывізацыю, і не хацелі паспытаць гэта на ўласнай скуры яшчэ раз.

Да таго ж немцы ўмела распаўсюджвалі чуткі, што савецкая ўлада па вяртанні мабілізуе ўсіх мужчын у войска, а жанчын і дзяцей выселіць на Данбас. Дазвол на нямецкі эшалон знайсці было не цяжка, і дзясяткі тысяч беларусаў з рэчамі, палову якіх пагублялі па дарозе, адправіліся ў падарожжа.

Улетку 1945 г. у выніку рэпатрыяцыі большасць нашых суайчыннікаў добраахвотна ці прымусова вярнуліся дахаты, частка асела на забраных у немцаў польскіх землях.

Каля 70 тыс. беларусаў засталіся ў Нямеччыне, разам з уцекачамі з Расіі, Польшчы, Украіны, краін Балтыі, Венгрыі — такіх было каля мільёна.

Што рабілі з такімі людзьмі? Акупацыйныя адміністрацыі ЗША, Брытаніі і Францыі давалі ім статус перамешчаных асобаў, або ды-пі, ды рассялялі ў спецыяльных лагерах Ды-Пі, што арганізоўваліся паводле нацыянальнай прыкметы і мелі ўнутраную адміністрацыю.

Паваенная адміністрацыя налічыла 22 нацыянальнасці, у тым ліку і такія спецыфічныя, як венгерскія і румынскія яўрэі, або польскія беларусы (г.зн. тыя, хто да 1939 г. жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі).

Усіх сялілі ў былых казармах ці бараках пры фабрыках ці заводах або спецыяльна адведзеных для гэтага гарадскіх будынках. У лагерах дзейнічалі школы, садкі, шпіталі, прафесійныя курсы, дазвалялася мінімальная грамадская дзейнасць. Жыхары забяспечваліся з боку ЮНРРА (арганізацыя ААН па рассяленні і іміграцыі) харчаваннем з разліку ў сярэднім 2000—2300 калорый на дзень, вопраткай і абуткам. Грошай не было, былі прадуктовыя карткі, і самым хадавым таварам (унутранай валютай) сталі цыгарэты і самагонка, за якія можна было набыць дадатковыя прадукты ці нейкія даброты.

Што было самае цяжкае? Напэўна, забарона на працу.

Ад няма чаго рабіць, ды-пісты арганізоўвалі партыі, суполкі, мастацкія калектывы, выдавалі рукапісныя газеты і часопісы, а таксама спрачаліся-сварыліся, сварыліся-спрачаліся. І так доўжылася чатыры гады, пакуль у 1948—1949 гг, не пачаўся масавы выезд з Германіі ў ЗША, Брытанію, Канаду, Аўстралію.

Пра жыццё ў гэтых лагерах пакінута некалькі дзясяткаў успамінаў. Прыводзім тут успаміны Надзеі Запруднік (пасля нараджэння Рагалевіч), што маленькай дзяўчынкай апынулася на выгнанні.

Успаміны запісаныя яе мужам Янкам Запруднікам летам 2007 г. на просьбу Лявона Юрэвіча і надрукаваныя ў часопісе «Запісы БІНІМ» №34, 2011 г.

Надзея Запруднік. Блуканьне па лягерах у паваеннай Нямеччыне (1945—1950)

З заканчэньнем вайны палавіну гораду Дэсаў (Dessau) занялі амэрыканцы, палавіну — саветы. Мы апынуліся ў амэрыканскай зоне, але небясьпека заставалася: нас маглі перадаць бальшавікам. Трэба было ўцякаць, каб уратаваць жыцьцё. І мой брат Міхаль Рагалевіч, у якога быў знаёмы немец з матацыклам, перавёз усю сям’ю глыбей у амэрыканскую зону, у недалёкую вёску. Знайшлі там нейкае гумно, дасталі саломы й паслаліся на ноч. У вёсцы стаялі амэрыканскія салдаты. Разам з намі была яшчэ адна сям’я. Хлопец з тае сям’і пасадзіў нашу Тамару на ровар павазіць. Нейкім чынам здарыўся нешчасьлівы выпадак: Тамара моцна пашкодзіла сабе пяту. Прыйшоў амэрыканскі санітар зрабіць ёй перавязку. Даў таблеткі. У міжчасе зьявіліся два салдаты, адзін амэрыканец, другі саветчык, і сказалі, што нас павязуць у лягер, куды звозяць усіх, хто з Савецкага Саюзу. Ізноў небясьпека! Трэба было неяк ратавацца. І тут дапамагла Тамарына параненая пята. Брат дастаў ад амэрыканскага санітара даведку, што Тамара павінна ляжаць у ложку. Гэтак мы й засталіся там. А ў лягер павезьлі толькі тую другую сям’ю.

Брат адразу ж паслаў мяне ў Дэсаў у лягер даведацца, дзе нашы людзі. І я пабегла ў выведкі па разьбітым горадзе.

Дарога была заваленая машынамі, усюды развал, на вуліцах трупы салдатаў і цывільных. Нарэшце я неяк дайшла да таго лягеру. А там — ні душы. Я пабегла хуценька назад. Сказала брату, што ў Дэсаў нікога няма. Міхаль кажа: «Па нас прыедуць саветы, уцякайма!» І мы падаліся ў лес ды там пераначавалі ў нейкім шалашы. Нараніцу прыйшлі нямецкія гаспадары й пачалі зрываць страху, каб выжыць нас адтуль.

У вёсцы мы бачылі, як амэрыканцы выкідалі пярыны праз вокны.

Адзін амэрыканец сфатаграфаваў нашу сям’ю й прапанаваў нам нейкую пачку. Браць пачку мы баяліся, але я адважылася. Бачу — цукеркі! Мы доўга іх жавалі, аж пакуль амэрыканец не паказаў нам, як іх трэба жаваць. Аказалася, што гэта былі жуйкі!

У вёсачцы той мы прабылі пару дзён і вярнуліся назад у Дэсаў, у амэрыканскую частку гораду. Бачылі, як танкі пераяжджалі праз барыкады, як людзі рабавалі дамы. Пасяліліся мы ў нейкім двухпавярховым будынку — можа, гэта была школа. Недалёка стаяла вялікая цукровая фабрыка. Людзі з нашага будынку набралі там цукровай патакі й пачалі гнаць самагонку. Мне, як у тых Жыткавічах, давялося зноў стаяць вартаўніцаю каля самагоннага апарату.

Горад яшчэ ня быў канчальна падзелены паміж амэрыканскай і савецкай уладамі. Яшчэ чутна была страляніна. Усе вуліцы былі забарыкадаваныя, дамы паруйнаваныя. Аднойчы, калі я стаяла ля вакна, у пакой уляцела граната, прасьвістала сінім агнём, вылецела праз другія дзьверы й выбухнула.

Сярод руінаў дому пабачыла нямецкага салдата. Паўзь яго праехаў амэрыканскі танк, пакінуўшы салдата стаяць. Як толькі танк мінуў яго, салдат той раптам сарваў зь сябе ўніформу і, бачу, стаіць у цывільным. Мне аж страшна стала ад такога відовішча. Немцы змагаліся зацята да самага канца.

Пасьля таго, як баі сьціхлі, мы бачылі амэрыканскіх салдатаў на джыпах, вясёлых такіх, з нагамі, задранымі ўгару, з выкрыкамі аб перамозе. Але небясьпека для нас яшчэ ня скончылася.

Празь дзён два-тры прыехалі амэрыканцы разам з саветамі, каб адвезьці савецкіх грамадзянаў на савецкі бок гораду па другі бок Эльбы.

Ехала нас некалькі грузавікоў. Пад’яжджаем пад вялікі мост і бачым, як з машынаў, што пераехалі ў савецкую зону, шпурляюць багаж у раку. Гэтак таварышы бальшавікі адразу ж пачалі «вызваляць» сваіх падапечных ад лішняга грузу. Але да нас, на вялікае шчасьце, гэтае «вызваленьне» не дайшло, бо раптам наш грузавік заварочвае ў іншы бок і едзе ў польскі лягер у амэрыканскім сэктары гораду. Нехта на грузавіку сказаў, што мы ўсе — «палякі» ды што нас павязуць у Францыю.

Паваеннае лягернае жыцьцё. Швабіш-Гмюнд (Schwäbisch Gmünd). Лета 1945

Прыехалі мы ў вялікі лягер. Пасьля кароткага побыту там нас пасадзілі на цягнік, у гэтак званы цялятнік, вагонаў так зь дзесяць, і павезьлі на захад, казалі, што ў Францыю. Па дарозе, калі цягнік стаў, пайшлі чуткі пра трускаўкі на недалёкім полі. Бачу, шмат хто выйшаў зьбіраць іх. Пабегла й я босая з збанком. А цягнік тым часам, патрубіўшы, пачаў рухацца. Я ў страху пусьцілася наўздагон. Паабівала аб шпалы ногі. Ледзь дапяла да апошняга вагону. Там мяне падхапілі за руку й уцягнулі ў сярэдзіну. У вагоне было шмат моладзі, усе гаварылі па-польску. Мовы гэтай я ня ведала й баялася загаварыць. І гэтак моўчкі праехала даволі доўга. А ў маім вагоне мяне ўжо аплаквалі, бедавалі, што я, бедная, буду рабіць на тым трускаўкавым полі. Пра ўсё гэта я даведалася, калі на наступным прыпынку дабралася да свайго вагону.

У Францыю мы не паехалі, а прывезьлі нас у мястэчка Швэбіш-Гмюнд у вялізарны польскі лягер, разьмешчаны ў вайсковых казармах. У бараку, у вялікім пакоі з падвойнымі ложкамі, наша сям’я заняла куток. У тым жа пакоі разьмясьціліся й іншыя сем’і. Харчаваліся ў сталоўцы.

Неўзабаве па прыбыцьці ў лягер зьявіліся саветчыкі ў суправаджэньні амэрыканцаў. Іхная мэта была знайсьці савецкіх грамадзянаў і рэпатрыяваць іх. А ў загадчыка бараку быў сьпіс жыхароў.

І той, сустрэўшы Міхаля на калідоры, параіў яму зьмяніць імёны дзяцей зь беларускіх на польскія. Міхаль адразу ж згадзіўся. Гэтак я сталася Ядзьвігай, Сяргей — Ежым, Жэня — Зэновіяй, Тамары таксама далі нейкае новае імя, братовая Яфімія сталася Эміліяй, толькі Алекс і Галіна засталіся пры сваіх імёнах. Кіраўнік бараку сказаў саветчыкам, што ў ягоным будынку ўсе палякі.

Але зьмены імёнаў было замала. Усё роўна мы баяліся, што нас могуць аддаць саветам, і мы яшчэ пару дзён хаваліся ў лесе. Некаторыя беларускія сем’і, у тым ліку Мартусевічы, сядзелі ў лесе каля двух тыдняў.

Хутка пасьля гэтага лягернікі пачалі арганізоўваць школу. Перапісалі ўсіх дзяцей. Хоць я ўвесь час жыла ў сям’і брата, лічылася, што я без бацькоў, і мяне хацелі былі адаслаць у Англію. Я страшэнна перапалохалася, перахвалявалася. Калі даведалася, прыйшоўшы з школы, пра небясьпеку адсылкі ў Англію, пачала плакаць. Міхаль нарэшце сказаў, што падпіша адпаведную паперку за мяне й будзе мной апекавацца. Гэтак я фармальна замацавалася пры ягонай сям’і. 

Ратуем Галіну ад сьмерці. Васэральфінген (Wasseralfingen). Лета 1945 — восень 1945

Двухгадовая Галіна моцна расхварэлася ад недаяданьня. Шкрэблася бесьперапынна, плакала. Ляжала, уся абматаная бінтамі — рукі, цела. Брат пайшоў да лекара й кажа: дзіцё памірае. Тады яе завезьлі ў лягерны шпіталь. У міжчасе людзей зь лягеру пачалі развозіць на прыватныя кватэры. Лекар кажа: выяжджайце й вы на прыватку, бо тут неадпаведныя ўмовы. Дзеяць трэба было хутка. Я пабегла шукаць па лягеры Міхалёвых дзяцей. Галіну выкралі з шпіталю, і ўсе разам паехалі на амэрыканскім ваенным грузавіку ў невялікую вёсачку Васэральфінген. Гэта было паселішча з малых хатак. Можа, там некалі жылі вайскоўцы, можа, габрэі, якія выехалі ў Амэрыку. Там нас і пасялілі ў маленькім дамку. Нас нанізе, а наверсе — Рачынскіх, нашых землякоў. Цэлая вуліца дамкоў была заселеная людзьмі, прывезенымі з Швэбіш-Гмюнду. У дамку побач з намі жыў Мікола Сільвановіч (1), беларус зь Вялейшчыны. Былі іншыя беларускія сем’і. Але найбольш аказалася палякоў. Прабылі мы там да зімы.

Галіну лячылі як маглі. Як толькі наставала раніца, яе вывозілі на двор. Доктар сказаў, дзіцё патрабуе чым больш сьвежага паветра й ежы.

Ела яна вельмі шмат. Ёй давалі згушчанае малако, какаву, яйкі. За месяц яна набрала вагі, акрыяла. Хто ведае, ці гэты эпізод паўплываў на ейны характар. Але трэба сказаць, што змалку Галіна адзначалася малітоўнасьцю й шчодрасьцю да іншых. Якасьці гэтыя яна захавала праз усё далейшае жыцьцё аж да сёньня.

Палякі хутка арганізавалі сваю школу, скаўтынг, мелі свайго «Сокала» (2), вялікую групу старэйшае моладзі. Пад восень нам сказалі, што будуць развозіць па іншых лягерах. Хто куды хацеў, туды мог і запісацца. Міхаль з Рачынскім хадзілі зьбіраць подпісы беларусаў, каб ехаць усім разам у адно месца. Рачынскага нехта палічыў за шпіёна й данёс уладам. Яго арыштавалі. Міхаль зь Сільвановічам хадзілі паручыцца за яго, і яго выпусьцілі.

Этлінген (Ettlingen). Зіма 1945/46. Гэрэнбэрг (Herrenberg). Вясна 1946

Нарэшце група беларусаў, сабраўшы сваю невялікую маёмасьць, села на амэрыканскі грузавік і з узьнятым бел-чырвона-белым сьцягам гучна выехала зь вёсачкі Васэральфінген. Шмат хто з палякаў, якія, можа, і ня ведалі пра наяўнасьць сярод іх беларусаў, зьдзіўлена пазіралі на гэтае відовішча.

Нас прывезьлі ў Этлінген, што каля Карлсруэ (Karlsruhe). Там стаяла поўна вялікіх казармаў. Але нас не захацелі прыняць, бо лягер быў украінскі. Доўга тарокаліся з вартаю. Нас прыехала адна машына, чалавек 25. Брат з Рачынскім хадзілі да кіраўніцтва лягеру й дамагаліся пасяленьня там, казалі, што мы прыехалі на пастанову амэрыканцаў. Міхаль пайшоў шукаць беларусаў у лягеры. Напаткаў Васіля Рагулю (3). Запрасіў яго да сябе, сказаўшы жонцы, што сустрэў аднаго адукаванага беларуса. Васіль Рагуля, былы сэнатар польскага Сойму, жыў там, бо не захацеў ехаць да нявесткі ў лягер Шляйсгайм (Schleissheim) пад Мюнхэнам. Нас нарэшце прынялі. Як выявілася, у лягеры жылі ня толькі ўкраінцы, але й палякі. Была там і праваслаўная царква. Я пайшла туды аднойчы з малой Галінай, якая ўпорыста прастаяла на каленях на цэмэнтовай падлозе ўсю службу й шчыра малілася.

У лягеры хапала ўсякага люду, у тым ліку й аматараў крадзяжу.

Аднойчы група лягернікаў украла ў баўэра карову. Каб не было сьлядоў, надзелі ёй на ногі чаравікі й завялі па сходах на другі паверх ды там распатрашылі.

Злачынцаў шукала амэрыканская вайсковая паліцыя, бегалі па ўсіх бараках, але гэтак і не знайшлі вінаватых. Братовая казала, што арганізатары крадзяжу раздавалі пасьля мяса людзям.

У Этлінгене мы прабылі пару месяцаў. Шэсьць-сем беларускіх сем’яў, якія жылі там, дамагаліся пераезду ў беларускі лягер. Скончылася тым, што раньняй вясной 1946-га нас перавезьлі ў Гэрэнбэрг. Там уцекачы жылі ў прыватных дамох, пераважна расейцы й беларусы. Наша сям’я й іншыя беларускія сем’і пасяліліся ў нейкім будынку. Брата назначылі выдаваць адзеньне ў складзе. А Хіма займалася доглядам сваіх дзяцей. У адным з дамоў была ўладжаная царква. Міхаль зацікавіўся царкоўным жыцьцём. Адпраўляць багаслужбы прыяжджаў япіскап Філафей. Служыў ён вельмі прыгожа, казаў красамоўныя пропаведзі. У аднэй зь іх расказваў, як пад камуністамі людзі перахоўвалі іконы. Гаварыў так прачула, што людзі плакалі. Сяргей з Алексам прыслужвалі ў царкве.

Былі яшчэ малыя, шмат чаго не разумелі. З кадзілам сустрэліся ўпершыню. Калі трэба было яго падаць, адзін казаў другому: «Падай кракадзіла».

Школы там не было, але быў скаўтынг. Прыяжджаў наведаць нас кіраўнік беларускіх скаўтаў Алесь Бута, увесь абвешаны шнурамі. Ён арганізаваў беларускую дружыну, да якой і я належала.

На Вялікдзень 1946 г. прыяжджаў наш здольны да музыкі суродзіч Рымко Юльлян, і зь невялікай дапамогай іншых адслужылі ўсяночную. Царква была поўная людзей, у бальшыні расейцаў. Рэлігійнае жыцьцё сталася важнай часткай нашага побыту. Галіна, калі хто прыходзіў у хату, адразу ж сядала каля ног наведніка, каб пачысьціць яму чаравікі. Гэтак яна зьбірала фэнігі на куплю сьвечкі ў нядзелю. Усе дзеці рэгулярна наведвалі царкву. Міхаль строга даглядаў гэтага.

У Гэрэнбэргу мы жылі да восені 1946-га.

Майнлёйз (Mainleus). Восень 1946 — лета 1947 

З Гэрэнбэргу перакінулі нас, пяць беларускіх сем’яў, у тым ліку Васіль Рагуля й Іван Любачка (4), у Майнлёйз, у барачны лягер. Там жылі розныя нацыянальнасьці, але было больш беларусаў. Кіпела грамадзкае жыцьцё. Беларускімі скаўтамі кіраваў Пётра Саўчыц. У гэты час прыехаў таксама Палікарп Манькоў (5) зь Міхэльсдорфу. Хутка арганізавалі беларускую школу, у якой настаўнічалі Любачка, Рагуля, Манькоў, а таксама Ніна Рачынская. Была там ужо арганізаваная царква. Служыў а. Георгі Паўлюсік, які жыў зь сям’ёй (дзьве сястры, брат, пляменьнік). Зь імі былі харысты пінскага сабору.

Сьвятар выкладаў рэлігію, а сьпевам вучыў нейкі расеец, Мікалай Мікалаевіч (прозьвішча ня памятаю). Я сьпявала ў царкоўным хоры на падбадзёрваньне рэгента. Ён казаў: «Слухай і паціху сьпявай. Ты будзеш сьпяваць!» Пасьля я сьпявала ў трыё («Да исправится молитва моя»). Хадзіла таксама ў школу, належала да скаўтынгу. Школу наведвалі таксама Жэня, Сяргей і Тамара. Беларускую мову выкладаў Манькоў, гісторыю — Любачка. Былі сякія-такія рататарныя дапаможнікі. У маёй 3-й клясе вучылася сямёра вучняў. Манькоў быў нашым клясным настаўнікам. Пасьля экзамэнаў мне выдалі пасьведчаньне.

Мікола Сільвановіч адкрыў майстэрню інкруставаных саломкай касэтак, шкатулак, альбомаў ды іншага. Я хадзіла да яго вучыцца гэтаму майстроўству. Старалася. Падрыхтавала першую сваю налепку ўзораў, а майстар прыйшоў, сьцёр усё й сказаў: «Цяпер пачынай усё спачатку».

Прыяжджалі ў наш лягер скаўцкія кіраўнікі даваць інструкцыі: Вітаўт Кіпель (6), Янка Жучка (7). Кіпель за адзін вечар навучыў нас чатыры песьні («Мароз», «Каліна», «Мы Беларусі вольнай арляняты» й «Як шырока і далёка беларуская зямля»). Наведала нас таксама тэатральная трупа «Жыве Беларусь!» на ўрачыстасьць высьвячэньня скаўцкага сьцягу.

Лягернае жыцьцё было поўнае падзеяў, здарэньняў ды прыгодаў. Хадзілі мы красьці яблыкі ў баўэра. А той пусьціў аднойчы на нас сабаку. Уцякалі мы, аж пяты блішчэлі.

У лягеры шмат хто гадаваў парасят. Аднаго дня чую крык і лямант: «Укралі парася! Укралі парася!» Прыехала амэрыканская паліцыя з сабакамі. Шукалі, шнырылі, перагледзелі ўсё, але злодзея не знайшлі.

Аднойчы беларускія скаўты маршыравалі зь сьцягам, ідучы ў лес на гульні. Раптам крык. Аказалася, што скаўт Шура Яневіч зваліўся з абрыву. Выцягнулі яго адтуль з паламанай рукой.

Група нас езьдзіла ва ўкраінскі лягер у Байройт (Bayreuth) на вялікі міжэтнічны фэстываль. Нашай кіраўнічкай была Ніна Рачынская. Там былі гульні, спаборніцтвы. Сяргей Рагалевіч заняў першае месца ў бегу зь мяшком на нагах.

Гібэльштат. Восень 1947 — вясна 1949 гг.

З Майнлёйзу некаторыя беларусы паехалі ў Шляйсгайм каля Мюнхэну (Старасельскія й інш.), а другія за акіян у Аргентыну (Саўчыцы). А нашым наступным лягерам стаў Гібэльштат (Giebelstadt). Туды падаліся ўсе настаўнікі, Дульскія, Рачынскія. У Гібэльштаце быў аэрадром, а каля яго — вялікія цагляныя дамы, відаць, былыя казармы. Туды зьвезьлі беларусаў, расейцаў і, напэўна, іншых — чалавек больш за сотню. Наша сям’я разьмясьцілася ў адным пакоі вялікага будынку. Кухня была асобна для агульнага карыстаньня, у выніку чаго паўставала часамі цэлая катавасія. Міхаль працаваў качагарам, даглядаў пяць двухпавярховых будынкаў. Часта ўначы трэба было дапільноўваць, каб была адпаведная тэмпэратура.

Дзеці вучыліся добра, бацька строга дапільноўваў гэтага. Сяргей, у якога вочы аслабелі пасьля шкарлятыны, мусіў насіць акуляры. А ён катэгарычна адмаўляўся, бо дзеці сьмяяліся зь яго. У школе заняткі вяліся па-беларуску.

Беларускі хор у Бакнангу пад кіраўніцтвам Вячаслава Селяха, фота з сайта Лагойскага віртуальнага музея.

Беларускі хор у Бакнангу пад кіраўніцтвам Вячаслава Селяха, фота з сайта Лагойскага віртуальнага музея.

У лягеры зрабілі царкву. Служыў той жа а. Паўлюсік. Я сьпявала ў хоры. Калі ў лягер прыехалі а. Емяльлян Кайка, бацька Лізы Літаровіч, ды Кузьміцкі, вельмі добры сталяр, рашылі адкрыць беларускую царкву. Да гэтага праекту падключыўся й Міхаль.

Надыходзіў Вялікдзень. Перада мной паўстала балючае пытаньне: у якую царкву ісьці? Я ж сьпявала ў хоры ў расейскай царкве. Моцна змагалася з сабой, раілася з братам. А той кажа: «Ідзі куды хочаш».

А я ж цэлы вялікі пост шчыра пасьціла, нават малака ў рот ня брала. Хадзіла на сьпеўкі, уцягнулася ў іх. Дык зь цяжкім сэрцам пайшла на ўсяночную ў расейскую царкву. Пагатоў што ў беларускай справы заставаліся яшчэ няўладжанымі. Айца Кайку накіраваў у Гібэльштат а. Мікалай Лапіцкі. Брат запрасіў а. Кайку на абед. Той еў і піў усё. Папытаўся, чаму Надзя ня есьць. А брат кажа: «Надзя посьціць». Думаю, што ў той мамэнт а. Емяльлян чуўся не зусім добра. 

На курсе машыністак. Сватаньні. Лета 1949

Таварыскае жыцьцё ў Гібэльштаце было абмежаванае. Будынкі стаялі далёка адзін ад аднаго раскіданыя ў лесе, месца каб дзе сустрэцца моладзі не было. На Вялікдзень увесь дзень я прасядзела ў хаце. Без сукенкі й туфляў, паглядала праз вакно, як сяброўка Маруся Дульская, прыгожа апранутая, хадзіла па вуліцы. Гэта быў адзін з самых цяжкіх момантаў у маім лягерным вандраваньні. І думалася: калі яно ўжо скончыцца, калі настане нармальнае жыцьцё?

Тым часам кожны дзень вывешвалі абвесткі пра краіны, што бралі імігрантаў. На аднэй абвестцы пісалася пра курсы машыністак у Швайнфурце (Schweinfurt). Я папыталася Міхалёвай думкі: «Ехаць?» — А ён абыякава: «Рабі што хочаш». І мне гэта моцна забалела ды можа падштурхнула да пастановы: ехаць! І вось нас траіх, Дульскія Марыя й Валя ды я, падаліся на тыя курсы.

У Швайнфурце быў пераходны лягер для тых, хто выяжджаў за мора. Курсы трывалі тры месяцы.

Праводзіліся яны ў вялікім будынку (відаць, былыя казармы). Нас траіх і тры ўкраінкі жылі ў адным пакоі. Усіх курсантак было больш за трыццаць. Займаліся групамі да абеду й пасьля. Нас вучыла нейкая літоўка. Нам далі машынкі, і мы практыкаваліся ў пісаньні. Вывучалі таксама ангельскую мову. Падручнікаў не было, карысталіся нейкай ад рукі напісанай кніжыцай. На завяршэньне прайшлі тэст, пасьля якога я атрымала пахвалу за акуратнасьць. Пісала я няхутка, але дакладна. Былі там таксама рамесьніцкія курсы для хлапцоў. Маруся займела сабе нейкага кавалера. У яе гэта хутка выходзіла.

На курсах было крыху таварыскага жыцьця, танцаў. Аднойчы мы пайшлі на танцы. А ў мяне былі старыя паношаныя туфлі, дык я чулася страшэнна зьбянтэжанай. Станцавала раз ды пайшла дамоў. А Маруся з Валяй гулялі далей. Ад украінак мы навучыліся крыху іхных песень дый іх таксама навучылі. Да іх заляцаліся хлопцы-ўкраінцы. Раз за нашым вакном на другім паверсе, дзе мы жылі, мы пабачылі на палцы плякат Сталіна. Гэта тыя заляцалы надумаліся спалохаць нас. Дык я іх правучыла — змазала ручкі дзьвярэй іхнага пакою пастаю да чаравікаў. А яны бяду зьвярнулі на ўкраінак.

Са Швайнфурту я напісала свайму сябру Жоржу ліст на машынцы, зразумела, лацінскімі літарамі. А ён мне ў адказ: «Я нічога не магу разабраць, што ты мне пішаш». Курсы машыністак завяршыліся пасьведчаньнямі, але бяз працы. Думка працаваць машыністкай мне падабалася, было адчуваньне прафэсіі.

У Швайнфурце старэйшая пара расейцаў праходзіла камісію на выезд і запрапанавала мне ўдачарэньне. Людзі гэтыя былі бязьдзетныя й хацелі выехаць разам зь некім малодшым. Угаворвалі мяне, пераконвалі. Пачуцьцё ад такой прапановы ў мяне было непрыемнае, бо завастрала адчуваньне беспрытульнасьці. Мяне хацелі ўдачарыць два разы перад гэтым. Першая была немка, а другі раз — у польскім лягеры. Гэтак, як Вадэйкі хацелі ўсынавіць Геню Кудасава (8).

Пакуль я праходзіла курс машыністак, Міхаля зь сям’ёй перавезьлі з Гібэльштату ў Бакнанг (Backnang). Туды я з Швайнфурту й паехала. Бакнанг бурліў жыцьцём: скаўтынг, вечарынкі, царква, хор. Багаслужбы адпраўляў а. Мікалай Лапіцкі, а царкоўным хорам кіраваў Вячаслаў Качанскі (9). Там я пазнаёмілася зь Лізай Кайкай, у якое адразу заўважыла бант у кучы валасоў, ды Людай Каліноўскай. У Амэрыцы ўжо яны сталіся маімі найбліжэйшымі сяброўкамі. Жылі мы праз калідор. Наша Жэня казала пра іх: «Як бочачкі»

На кравецкім курсе ў Людвігсбурзе (Ludwigsburg). Лета—восень 1949

У Бакнангу я ў школу не хадзіла, бо была занятая доглядам братавых дзяцей. Доўга там, аднак, не затрымалася, паехала на кравецкія курсы ў Людвігсбург, недалёка ад Бакнангу. Паехала сама. Курс трываў тры месяцы. Курсанткі былі розных нацыянальнасьцяў. У маім пакоі жылі чатыры полькі й адна расейка. Сяброўства вялікага ў нас не завязалася. Расейка Галіна мела бацькоў, а полькі былі гуляшчыя. Там стаяла вартаўнічая кампанія, і гуляць было з кім. Заняткі на кравецкіх курсах адбываліся кожнага дня папаўдні. Было некалькі групаў. Вучыліся на газэтах рабіць выкрайкі. Але матэрыялу, зь якога можна было б пашыць нешта, да мяне не дайшло. Зрабіла выкрайку блюзкі. Навучылася здымаць мерку. Настаўніцамі там працавалі славянкі. За курсы ім плаціла UNRRA, а пазьней — IRO. Было ў мяне там некалькі прыгодаў.

Перад ад’ездам брат купіў мне туфлі, якія я моцна цаніла й шкадавала адзяваць. Адна полька, не пытаючыся ў мяне, узяла мае туфлі й пайшла на танцы. Пашарпала мне іх ушчэнт. Мне так было шкада іх.

Аднойчы прыйшоў п’яны паляк да свае паненкі. Пачаў буяніць, дамагаючыся, каб яго ўпусьцілі ў пакой. Дзяўчаты выправілі мяне ўгаворваць яго. Мне неяк удалося яго суняць, за што атрымала ўдзячнасьць ад сябровак.

Там я сустрэла Мішу Бахара (10). Мы ішлі зь Міхасём Кузьміцкім па вуліцы й гутарылі па-беларуску. А Бахар праходзіў міма й пачуў нашу гаворку. На яго, згаладалага па сваіх людзях, гэта так падзеяла, што ён пачаў плакаць. Гэтак ён даведаўся, што ў Бакнангу ёсьць беларусы. Бахар быў толькі што прыехаўшы ў Людвігсбург з польскага лягеру. 

Ізноў у Бакнангу. Зіма 1949/50 — лета 1950 

Пасьля трох месяцаў я вярнулася ў Бакнанг. Тады ўва Ульме (Ulm), у вялікім Ды-Піўскім лягеры, адкрыўся курс ангельскай мовы. Мы зь Федзем Дубініным паехалі на той курс. Там спаткалі Асю, жонку Барыса Шчорса (11), і нашу паэтку Натальлю Арсеньневу. На курсе трэба было карыстацца толькі ангельскай мовай. Нам далі экзамэн, пісьмовы й вусны. Мы яго здалі, але, як выявілася, уся праграма навучаньня канчалася ўжо. Апрача гэтага, у мяне не было грошай, каб купіць падручнік ангельскай мовы. Пасьля часта чула ад іншых самазадаволеных асобаў: «Скончыла школу, маю дыплём». Але тыя, што хваліліся асьветай, жылі з бацькамі, мелі дапамогу. Мне ж памагчы не было каму. Я ня мела нават маральнай падтрымкі.

Запамятаўся выпадак, як некаторыя супэрпатрыёты ў Бакнангу білі нейкага п’янага, які сьпяваў савецкія песьні. Лупілі яго неміласэрна, а той крычаў нямым голасам. Прыяжджала паліцыя разьбірацца. Айцец Лапіцкі залагоджваў скандал.

Настаў час разьезду з Бакнангу. Бальшыня нашых знаёмых ад’яжджала ў Амэрыку. Выехалі Лапіцкія, Качанскія й іншыя. Сьпевакоў у царкоўным хоры стала менш. Мы рыхтаваліся да Вялікадня. Кіраўніцтва хорам пераняў кампазытар Дзьмітры Верасаў (12). Кіраваў ён царкоўным хорам упершыню. Кантраст паміж ім і Качанскім быў вялікі, але Верасаў хутка апанваў рэгенцтва, і мы шмат чаго навучыліся зь ім.

У Бакнангу мы прабылі да раньняга лета 1950 году. Адтуль пераехалі ў Эльванген (Ellwangen), дзе перад тым быў украінскі лягер і куды зьвезьлі Ды-Піўскі інтэрнацыянал. Разьмясьцілі нас у казармах, вялікіх цагляных дамох, расстаўленых далёка адзін ад аднаго. Уся наша сям’я жыла ў адным вялікім пакоі. Айцец Ян Жарскі адкрыў у лягеры малую каплічку, у якой адбываліся багаслужбы. Брат зрабіў печку, у якой пяклі прасфоркі. Карповічыха мела службоўнік, якім карысталіся харысты (4—5 чалавек). Кіраўніка хору не было. Там была, праўда, украінская праваслаўная царква, але мы хацелі мець сваю. Прыхаджанаў у нас было вельмі мала, усяго некалькі сем’яў.

Кожны дзень людзей нечакана выклікалі на камісію. Мы з Валяй Дульскай памагалі тым, хто выяжджаў, цягаць валізкі, а самі думалі, калі ж гэта прыйдзе наша чарга. Цяганіна па лягерах гэтак ужо надакучыла, хацелася нармальнага жыцьця.

Аднойчы сяджу ў двары, чытаю кніжку. Аж тут праяжджае міма амэрыканская ваенная машына, зь якое салдаты шпурляюць мне нейкі пакет і жэстамі паказваюць: «Вазьмі, вазьмі!» Узяла, распакавала. А там — дзьве сукенкі, панчохі, зубная шчотачка, паста. Сукенкі не былі новыя, але ў добрым стане, і мне вельмі спадабаліся. Я была такая шчасьлівая! 

Выезд у Амэрыку. Жнівень—верасень 1950

Хутка брата выклікалі на камісію, недзе ў чэрвені й мы паехалі ў Людвігсбург. Хадзіў ён на тую камісію раней, але затрымалі дзеля Сяргея, у якога знайшлі старую пляму на лёгкіх. Сказалі чакаць, каб упэўніцца, ці не адкрыўся тубэркулёз. Мяне таксама выклікалі на камісію раней, але я папрасіла консуля, каб адклалі, бо хацела ехаць разам з братавай сям’ёй. Неўзабаве, прайшоўшы камісію, мы былі гатовыя да ад’езду.

З сабой брат узяў куфар з вопраткай, а я — малую валізку й малы куфэрак. З асабістых рэчаў у мяне былі падушка, коўдра, іконка, пара бялізны, блюзка, спадніца.

Захаваўся здымак, як мы стаім ля ўваходу ў пасажырскі цягнік перад ад’ездам зь Людвігсбургу 26 жніўня 1950 г. Паводле гэтага здымку Ірэна зрабіла пасьля вялікі прыгожы малюнак, які зьмешчаны ў нашым альбоме «Беларускія мастакі замежжа» (2001 г.).

У Брэмэргафэн (Bremerhaven)прыехалі пад абед таго самага дня й безадкладна загрузіліся на амэрыканскі ваенны карабель «Генэрал Блэчфард». Адплылі адразу ж. На караблі была маса людзей. Спалі пад палубай на падвойных ложках, мужчыны асобна, а жанчыны зь дзецьмі асобна. У першы дзень дарогі, пасьля сну, я ўстала й бачу, што ў пакоі нікога няма. Выйшла на палубу, а там усе ванітуюць — ляжаць, стогнуць, ледзь дыхаюць. Адна жанчына ляжала, узяўшыся за жывот, а тады кажа: «Нехта есьць селядзец. Дайце мне хоць галаву абсмактаць». Найбольш пакутавала, як мне здавалася, братава жонка, якой дарога моцна далася ў знакі. Ад марское хваробы давалі таблеткі, фрукты (аранжы й інш.), але гэта памагала ня ўсім. Некаторыя не маглі нічога ў рот браць. Я ела менш-больш нармальна. Выратоўваў селядзец, які мы прашмуглявалі, бо ежу на карабель браць было забаронена.

У дарозе мы прабылі дзесяць дзён. Шлях аказаўся гладкі, бяз бураў.

На моры, калі глядзіш навокал і ня бачыш нічога іншага, апрача вады, чуесься маленькім бездапаможным чалавечкам. На караблі былі нейкія мастацкія паказы, пасажыраў нечым забаўлялі, але я нічога з гэтага ня бачыла. Брат працаваў на кухні, а нам з Жэняй, старэйшай Міхалёвай дачкой, хапала клопатаў з доглядам дзяцей. Трэба было пільнаваць, каб паелі ды не адыходзіліся задалёка.

Прыплылі ў Нью-Ёрк 5 верасьня 1950 г. Апошнюю ноч на вадзе начавалі каля статуі Свабоды. Першае ўражаньне ад Нью-Ёрку ашаламляльнае. Калі выселі з карабля, нас чакаў квадратны пасажырскі аўтамабіль (station wagon).

Шофэр, чорны, палічыў нас усіх і схапіўся за галаву ад колькасьці дзяцей.

Ён завёз нас на чыгуначную станцыю, там мы селі на цягнік і паехалі на працу да фармэра ў Экран (Akron) у штаце Пэнсыльванія.

Першая сувязь з сваякамі ў Беларусі пачалася недзе ў першай палавіне 1950-х гадоў праз Польшчу. Там жыў зь сям’ёй дзядзька майго першага мужа, Гені Кудасава, Аляксандар Сасноўскі. Празь яго мы паведамілі ў Пасталы (пасёлак у Гомельскай вобласці), што Міхаль зь сям’ёй жыве ў Амэрыцы.

***

1. Мікола Сільвановіч (псэўданім Вярба, 1917—1975), грамадзкі дзеяч, пісьменьнік і філятэліст. Адзін з стваральнікаў у 1946 г. у Заходняй Нямеччыне творчага аб’яднаньня «Шыпшына», арганізатар майстроўні беларускага мастацкага рамяства «Раніца». Выдаваў беларускія паштоўкі. З 1949 г. жыў у Канадзе.

2. «Сокал» — назва спартовых таварыстваў, якія з ХІХ ст. узьнікалі ў розных славянскіх краінах. Мэтай такога таварыства была фізічная й духовая падрыхтоўка, а таксама абуджэньне нацыянальнага духу. Польскае гімнастычнае таварыства «Сокал» вяло сваю гісторыю з 1867 г.

3. Васіль Рагуля (1879—1955), грамадзкі й палітычны дзеяч. У 1922—1927 гг. — пасол польскага Сойму, у 1928—1930 гг. — сэнатар. Падчас Другой сусьветнай вайны бурмістар Дзятлава, удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. — на эміграцыі, жыў у Нямеччыне, Бэльгіі, ЗША.

4. Іван Любачка (1915—1977), пэдагог і гісторык, дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША. У 1972 г. выдаў кнігу Bielorussia under Soviet Rule, 1917—1957 («Беларусь пад бальшавіцкім кіраваньнем, 1917—1957»).

5. Палікарп Манькоў (1910—1998), грамадзкі дзеяч. У 1942—1943 працаваў у слонімскім гебітскамісарыяце, з чэрвеня 1943 г. узначаліў СБМ на Слуцкую акругу. З 1944 г. — на эміграцыі. Працаваў выкладчыкам Беларускай гімназіі ў Міхэльсдорфе (1946—1949), удзельнічаў у пленумах (зьездах) БЦР, заангажоўваўся ў выдавецкія справы.

6 Вітаўт Кіпель (нар. 1927) у той час актыўна займаўся арганізацыяй беларускага скаўтынгу.

7 Янка Жучка (1928—2010), інжынэр-будаўнік, журналіст, дзеяч беларускай дыяспары ў Бэльгіі. У гады Другой сусьветнай вайны — сябра СБМ і БНС. З 1944 г. — на эміграцыі, вучыўся ў Беларускай гімназіі ў Рэгенсбурзе (затым у Міхэльсдорфе), а пасьля скончыў Лювэнскі ўнівэрстытэт. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім жыцьці, быў радным Рады БНР.

8 Маецца на ўвазе будучы першы муж Надзеі Запруднік Аўген Кудасаў (1922—1983).

9 Маецца на ўвазе Вячаслаў Сэлях (на эміграцыі Качанскі, часам пісаўся Сэлях-Качанскі, 1885—1976), опэрны сьпявак, тэатральны й грамадзкі дзеяч. Скончыў Маладэчанскую настаўніцкую семінарыю. Вучыўся ў Пецярбурскай кансэрваторыі, сьпяваў у Марыінскім тэатры. У 1925 г. пераехаў у Менск, дзе працаваў выкладчыкам у музычным тэхнікуме й кіраваў музычнай сэкцыяй пры Інстытуце беларускай культуры. Паставіў першую оперу па-беларуску — «Русалка». З 1927 г. быў дырэктарам БДТ-1 (сёньня Купалаўскі тэатр). У 1933 г. рэпрэсаваны. Па вызваленьні жыў у Ленінградскай вобласьці. У 1943 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў кіраўніком аддзелу культуры й мастацтва пры БНС, потым узначальваў аддзел культуры ва ўрадзе БЦР. З 1944 г. — на эміграцыі. У Нямеччыне стварыў тэатральна-мастацкую групу «Жыве Беларусь», зь якой гастраляваў па беларускіх асяродках. У 1950 г. выехаў у ЗША. Жыў у Саўт-Рывэры.

10 Міхась Бахар (1929—2007), грамадзкі дзеяч. Улетку 1944 г. разам з бацькамі выехаў на эміграцыю. Па капітуляцыі апынуліся ў францускай акупацыйнай зоне Нямеччыны. Вучыўся ў расейскай гімназіі ў Штутгарце. З 1951 г. жыў у ЗША. У1961 г. пасяліўся ў Саўт-Рывэры. Браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці, быў сябрам рэдкалегіі часопісу «Беларуская моладзь», належаў да БККА (у 1980-я – віцэ-прэзыдэнт), парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай.

11 Барыс Шчорс (1916—1975), грамадзкі дзеяч, брат Міколы Шчорса. У паваеннай Нямеччыне быў камэндантам лягеру ў Міхэльсдорфе. У 1949 г. перабраўся ў ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рывэры. Узначальваў тут Беларускі выдавецкі фонд, уваходзіў у рэдкалегію часопісу «Беларуская думка». Быў ініцыятарам пабудовы Беларускага грамадзкага цэнтру пры царкве сьв. Эўфрасіньні Полацкай.

12 Дзьмітры Верасаў (1909—1985), кампазытар. З 1944 г. жыў на эміграцыі. У ЗША кіраваў хорам царквы сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?