Сёння былы палітвязень Мікола Статкевіч а 18-ай гадзіне зладзіў сустрэчу выбарцаў на плошчы Свабоды.

Фота Svaboda.org.

Фота Svaboda.org.

Экс-кандыдат у прэзідэнты запрашаў на сустрэчу і Аляксандра Лукашэнку, папярэдне пералічыўшы пяць вострых пытанняў, адказы на якія беларусы хацелі б атрымаць ад кіраўніка дзяржавы.

Але Лукашэнка прадказальна не прыехаў і, як толькі званы на Ратушы пачалі біць шостую гадзіну, Мікола Статкевіч сам распачаў зварот да людзей з мегафонам у руках.

Пры гэтым прагучала здагадка, што Лукашэнка не прыехаў, бо баіцца людзей, якія могуць не толькі задаць яму нязручныя пытанні ў твар, але «і штосьці з гэтым тварам зрабіць».

Потым былы палітвязень пытаўся ў людзей, ці мае права быць прэзідэнтам чалавек, які дбае пра ўласную ўладу, а не пра лёс краіны? Ці можа быць прэзідэнтам чалавек, які пераўтварае беларусаў у «рускіх са знакам якасці»? Людзі гуртам адказвалі «Не», а потым пачалі скандаваць «Жыве Беларусь».

Неўзабаве Статкевіч перадаў слова Уладзіміру Някляеву і Анатолю Лябедзьку, якія зрабілі акцэнты на выбарчым фарсе, рэпрэсіях і недапушчэнні прысутнасці расійскіх войскаў у Беларусі.

Дзесьці праз 30 хвілін ад пачатку акцыі пляцоўка перад Ратушай цалкам запоўнілася. Як потым казалі людзі з задніх шэрагаў, ім нават было кепска чуваць прамоўцаў. На сход сабралася каля 400—500 чалавек. Больш шматлюдных сходаў у часе гэтай выбарчай кампаніі нават ні адзін з кандыдатаў не збіраў.

Лунала некалькі бела-чырвона-белых сцягоў, пару сцягоў АГП і Еўрасаюза.

З улікам таго, што трое спікераў выступалі па чарзе, у час прамовы аднаго да другога падыходзіў міліцыянт і складаў пратакол за незаконнае правядзенне пікета. Спачатку афіцэр склаў пратакол на Статкевіча, але той адмовіўся яго падпісваць, аргументаваўшы, што нічога не парушае. А калі міліцыянт падышоў да Уладзіміра Някляева, то народ хорам пачаў крычаць «Ганьба» у бок міліцыі, якая «не паважала народ, які сабраўся паслухаць палітыкаў».

Было відаць, як хвалюецца міліцыянт, якога адправілі складаць пратаколы — падчас запаўнення ў яго моцна трэслася рука.

Акцыя ж скончылася тым, што палітыкі заклікалі ўсіх прысутных на наступныя сходы — 4 і 10 кастрычніка. Анатоль Лябедзька да таго ж папрасіў людзей прыходзіць наступны раз з трыма сябрамі.

У большасці прыйшлі людзі сярэдняга і сталага веку, моладзі было не шмат. Тым не менш, акцыя каля Ратушы — найбуйнейшая і самая масавая за лета і восень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?