Украінская інвестыцыйна-банкаўская кампанія Jaspen Capital Partners падала ў суд на Edena Investments, якая належыць Казбеку Япрынцаву, і мае намер судзіцца з ТАА «Трайпл», паведаміў «Салідарнасці» прадстаўнік Jaspen Capital Partners Пётр Спатар.

Ісаак Папдопулас і Казбек Япрынцаў

Ісаак Папдопулас і Казбек Япрынцаў

— Тыдзень таму мы падалі ў суд BVI (Брытанскіх Віргінскіх выспаў) на ліквідацыю Edena Investments, якая належыць Казбеку Япрынцаву, Аляксандру Арабяну і Ісааку Пападопуласу.

На 5 кастрычніка прызначанае судовае пасяджэнне, там будзе абвешчана аб ліквідацыі і прызначэнні ліквідатара. Ён зможа атрымаць доступ да банкаўскіх выпіскаў, і мы зможам паглядзець, куды Казбек выдаткаваў грошы, якія былі адпраўленыя яму на дызельнае паліва, — распавёў адзін з заснавальнікаў Jaspen Capital Partners Пётр Спатар. — Наогул, мы дзейнічаем па двух кірунках. Акрамя таго, што ідзем у суд супраць кампаніі, якая належыць Казбеку і яго партнёрам, мы маем намер падаць у суд на «Трайпл». Збіраемся зрабіць гэта на гэтым тыдні. Мы кантактавалі з «Трайплам» і атрымалі ліст, падпісаны Юрыем Чыжом. У ім сказана, што яны не прызнаюць гарантыю «Трайпла» пад нашай угодай з Edena Investments. Юрый Чыж заявіў, што не ўпаўнаважваў Уладзіміра Япрынцава падпісваць з намі гарантыйную дамову ад імя «Трайпла». Мы з дадзенай фармулёўкай не згодныя.

Раней паведамлялася, што ў лютым 2014 Jaspen Capital Partners сумесна з зарэгістраванай у Шатландыі кампаніяй Maratoni падпісала кантракт з Edena Investments на пастаўку 2 тыс. тон дызельнага паліва на агульную суму больш за 1,6 млн даляраў. Здзелка гарантавалася групай кампаній «Трайпл» — дакумент ад яе імя падпісаў намеснік гендырэктара Уладзімір Япрынцаў, сын якога Казбек з'яўляецца адным з уласнікаў Edena Investments. Аднак паліва ва Украіну так і не паступіла, а грошы Jaspen Capital Partners не вярнулі.

Пры гэтым Пётр Спатар адзначыў, што ў яго няма дакладнай інфармацыі, што затрыманне бацькі і сына Япрынцава можа быць звязана з канфліктам з Jaspen Capital Partners.

Па звестках «Салідарнасці», Уладзімір Япрынцаў быў затрыманы 11 жніўня ў мінскім аэрапорце па вяртанні з Масквы, а не, як раней паведамлялася, 14 жніўня пры святкаванні дня нараджэння ў рэстаране. Яго сына Казбека затрымалі яшчэ 8 жніўня.

Праз месяц ніякіх афіцыйных каментароў з нагоды лёсу бізнесменаў па-ранейшаму няма. Але калі ў Следчым камітэце «Салідарнасці» паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй аб затрыманні Уладзіміра Япрынцава, то ў КДБ адзначылі, што сітуацыю ніяк не камэнтуюць. Адмовіліся ад каментароў і ў ТАА «Трайпл».

Партнёры Казбека Япрынцава па Edena Investments Аляксандр Арабян і Ісаак Пападопулас па звестках «Салідарнасці» ў 2000-х вучыліся ў беларускіх ВНУ. Ісаак Пападопулас, які мае грэчаскія карані, як і сын Уладзіміра Япрынцава доўгі час займаўся дзюдо.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?