Паэт, лідар стваранага грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» Уладзімір Някляеў паведаміў БелаПАН, што акцыю «За мірную, нейтральную Беларусь!», якую ініцыюе аргкамітэт руху, плануецца правесці «бліжэй да выбараў, прыкладна за тыдзень да дня галасавання».

13 верасня аргкамітэт распаўсюдзіў заяву з прапановай у межах выбарчай кампаніі правесці акцыю «За мірную, нейтральную Беларусь!».

«З апошніх дзеянняў кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсё больш відавочна, што Расія мае намер ператварыць Беларусь не проста ў сваю калонію, чаго з-за палітыкі цяперашняга беларускага рэжыму яна практычна дабілася, а ў сваю ваенную базу. Гэта супярэчыць не толькі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой Беларусь — нейтральная дзяржава. Гэта ставіць пад рэальную пагрозу бяспеку краіны і само жыццё беларусаў», — гаворыцца ў заяве.

«Мы плануем правесці пікет або мітынг. Зараз я вяду перамовы з тымі апазіцыйнымі структурамі і грамадскімі арганізацыямі, хто мог бы далучыцца да гэтай акцыі, каб яна была як мага больш масавай. Менавіта для гэтага, масавасці і рэзанансу, нядрэнна было б, каб яна была санкцыянаванай», — сказаў Някляеў.

На яго думку, «праблема размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ваенных баз, праблема мілітарызацыі Беларусі — гэта непасрэдная пагроза незалежнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?