У пачатку жніўня Тамара Камінская звярнулася ў студыю «Лазерыні». Жанчыне трэба было выдаліць бародаўку на пальцы нагі.

«Доктар сказаў, што пасля лазернага выдалення будзе пэўны час вельмі балець. Сказаў, каб я цярпела, — кажа Тамара. — Але на наступны дзень у мяне паднялася тэмпература, палец стаў пухнуць. Я звязалася з доктарам, ён сказаў: «Нічога страшнага, не хвалюйцеся».

Але боль толькі ўзмацняўся. Тады жанчына паехала ў звычайную бальніцу. Там хірургі сказалі, што ў яе моцны лазерны апёк. Калі нічога не рабіць невядома, чым справа скончыцца, можа дайсці нават да ампутацыі пальца.

«Я паехала ў «Лазерыні». Дырэктарка і доктар сказалі, што ў бальніцы хірургі прамылі мне рану і таму будзе зажываць павольней. Прапісалі мазь Вішнеўскага і абляпіхавы алей», — расказвае Камінская.

Тамара пачакала яшчэ, але рана не гоілася. У выніку яна зноў звярнулася ў бальніцу.

Дактары паведамілі, што праблемы сур’ёзныя і патрабуецца аперацыя па перасадцы скуры. Адну аперацыю жанчыне ўжо зрабілі, узялі кавалак скуры з ягадзіцы. Хутка чакаецца яшчэ адна. Агулам прайшло ўжо 1,5 месяца, як Тамара пакутуе з тым пальцам.

Але ў «Лазерыні» паведамілі, што іх віны ў тым, што здарылася, няма.

«Да нас вельмі шмат людзей звяртаецца менавіта за выдаленнем бародавак. І гэты выпадак з Тамарай — першы, калі пачаліся праблемы. Справа ў тым, што чапаць тую ранку не трэба было. Я не ведаю, хто яе прамываў, сама жанчына ці дактары. Але ж каб рану не кранулі, то не дайшло б да перасадкі скуры. Яна б павольна, але ж зацягнулася б, — кажа Іна Прыбытак, дырэктарка «Лазерыні». — І ў тым, што адбываецца зараз з гэтым пальцам, мы не вінаватыя. Магчымасць памылкі доктара выключаная».

У сваю чаргу Тамара збіраецца высвятляць, хто мае рацыю, з дапамогай суда.

«Я абавязкова пайду ў суд. Калі б яны патэлефанавалі мне, папрасілі прабачэння, прыехалі б у бальніцу ці аплацілі хаця б лекі… Я б пайшла ім насустрач. Але ж мяне ці ігнаравалі, ці размаўлялі па-хамску, — кажа Тамара. — Так проста я гэта не пакіну, гэта ўжо справа прынцыпу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?