Адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі эканаміст Віктар Цярэшчанка абвясціў пра свой выхад з выбарчай кампаніі.

«Мая выбарчая кампанія, у якой я планаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты, непажаданая ўлады, — заявіў Цярэшчанка БелаПАН. — Было зроблена ўсё, каб знайсці несапраўдныя подпісы. Так, тут ёсць і мая віна, бо мяне напэўна падставілі, і я апынуўся закладнікам людзей, якія зрабілі гэтую брудную працу. Але нельга не бачыць і тое, што ўлады ўсяляк спрыялі майму зняццю з выбараў, прыцягваючы да мяне асаблівую ўвагу. Усё гэта я разглядаю як нежаданне ўладаў, каб я данёс сваю праграму да выбаршчыкаў».

Пры гэтым Цярэшчанка заклікае зняцца з прэзідэнцкіх выбараў і іншых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта.

Раней паведамлялася, што Віктар Цярэшчанка падаў у ЦВК дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты нягледзячы на тое, што большасць подпісаў, сабраных у падтрымку яго вылучэння, тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі былі прызнаныя несапраўднымі. Яго ініцыятыўная група здала прыкладна 130 тысяч подпісаў, але сапраўднымі былі прызнаныя менш за сем тысяч. 

Такім чынам на выбарчай дыстанцыі застаюцца чатыры чалавекі: Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Улаховіч.

Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе заўтра, 10 верасня. Прэзідэнцкія выбары — 11 кастрычніка.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?