Тут і ніжэй фота: Lab Van Troje

Тут і ніжэй фота: Lab Van Troje

Горад Гент у Бельгіі пазбавіў сябе 22 вуліц у самым цэнтры — замест іх разбілі паркі. Эксперымент пачаўся ў маі і доўжыўся 10 тыдняў, паспавядае Fast Company.

Эксперымент даў жыхарам Гента магчымасць пабачыць горад (і сваё жыццё) без машын. Нехта проста паркаваў машыны далей ад дому, нехта перасеў на ровар, а нехта адкрыў для сябе тое, што мае цікавых суседзяў, з якімі проста на вуліцы можна папіць кавы ці згуляць у футбол.

Ідэя нарадзілася яшчэ тры гады таму, калі гарадскія ўлады спыталі ў жыхароў іх бачанне гораду будучыні. Жыхары адказалі: зоны без машын вакол цэнтральных плошчаў, развіццё грамадскага транспарту і веладарожак, жывыя стасункі з суседзямі на вуліцах.

Сёлета з дапамогай «крэатыўнай лабараторыі» Lab of Troy ідэю ажыццявілі. У маі 22 вуліцы ў сэрцы горада пераўтварылі ў паркі — жыхары самі дапамагалі пакласці штучную траву, расставіць кветкі, лаўкі і столкі.

«Мы яшчэ не ведем наступстваў эксперыменту. Але я думаю, што гэта можа быць заклікам да абуджэння, што машыны не настолькі патрэбныя, як людзі думаюць, — кажа Стывен Клэйс, які дапамагаў ператвараць сваю вуліцу ў парк. — Адным з асноўных стратэгічных пытанняў гэтага эксперыменту было тое, як мы можам арганізаваць наша будзённае жыццё без выкарыстання аўтамабіляў з такой частатой, як сёння».

Па словах Клэйса, эксперымент прайшоў даволі паспяхова, хаця першы час жыхары вуліц-паркаў наракалі на шум: цэнтр горада ператварыўся ў няспынную вечарыну. Ды суседзі прымірыліся і прыстасаваліся да жаданняў адзін аднога. «Два месяцы эксперыменту мінулі, кантакты засталіся», — кажа Клэйс.

Падобны эксперымент ужо праходзіў у Паўднёвай Карэі (у Паўночнай ён міжволі ідзе многія гады — машын на вуліцах небагата), у хуткім часе пройдзе ў Ёханэсбургу (Паўднёвая Афрыка).

У Мінску пешаходнай час ад часу станавілася вуліца Карла Маркса (больш не будзе), у хуткім часе пешаходным мае стаць гістарычны цэнтр: плошча Свабоды, вуліцы Рэвалюцыйная, Камсамольская, Герцэна, Кірылы і Мяфодзія, на Дзень горада пешаходнай стане вуліца Кастрычніцкая. Пра пешаходныя вуліцы ў іншых беларускіх гарадах нядаўна распавядала «Радыё Свабода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?