У тэлефоннай размове з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым дзяржсакратар ЗША Джон Керы выказаў занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй у Сірыі.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце Дзярждэпа ЗША.
У прыватнасці, Керы абмеркаваў з Лаўровым паведамленні ў СМІ аб «нарошчванні расійскай вайсковай прысутнасці там».
Керы заявіў, што, «калі гэтыя паведамленні адпавядаюць рэчаіснасці, то такія дзеянні могуць прывесці да далейшай эскалацыі канфлікту» ў Сірыі.
Раней у газеце The Telegraph быў апублікаваны матэрыял, у якім гаворыцца, што, паводле звестак крыніц, Расея дадаткова скіравала ў Сірыю некалькі соцень сваіх вайскоўцаў.
Акрамя таго, амерыканская разведка атрымала спадарожнікавыя фоты, якія сведчаць, што на сірыйскім вайсковым аэрадроме ў партовым горадзе Латакія разгорнута мабільнае жытло, здольнае прыняць да тысячы расійскіх вайскоўцаў. Тудысама дастаўлена мабільная дыспетчарская станцыя.
Латакія — бастыён сірыйскага дыктатара Асада, вакол Латакіі жывуць пераважна алавіты, з якіх паходзіць род Асадаў.
Стала вядома таксама, што краіны, якія мяжуюць з Сірыяй, атрымалі дадатковыя запыты на пралёт расійскіх вайскова-транспартных самалётаў.
Гаворка можа ісці пра найбуйнейшую ваенную аперацыю Расіі на Блізкім Усходзе ад 1980-х гадоў, калі таксама савецкія «ваенныя дарадцы» ўдзельнічалі ў войнах з Ізраілем на баку Сірыі.
Сілы Асада на сёння кантралююць каля траціны тэрыторыі Сірыі. Яшчэ дзве трэці папалі ў рукі розных уладаў.
Курды і друзы кантралююць тэрыторыі, заселеныя гэтымі народнасцямі.
Зону на поўначы, каля турэцкай мяжы, і вакол Дамаска, дзе жывуць суніты, адваявала ўмераная сірыйская апазіцыя.
Рэшта краіны трапіла ў рукі фанатычных ісламісцкіх груповак, якія ваююць як супраць Асада, так і між сабой. Гэта фронт «Нусра» — сірыйскае адгалінаванне «Аль-Кайды», а таксама «Ісламская дзяржава», што ў сваім фанатызме і бесчалавечнасці пераплюнула «Аль-Кайду».
Грамадзянская вайна ў Сірыі па стане на жнівень 2015. Карта з Вікіпедыі. Чырвоным — тэрыторыі, падкантрольныя Асаду. Зялёным — тэрыторыі, занятыя апазіцыяй. Шэрым — захопленае Ісламскай дзяржавай. Белае — «Аль-Кайда». Жоўтае — курды.
* * *
Падборку фотаў, змешчаных расійскімі салдатамі ў Сірыі, сабраў украінскі блогер Мікалай Махно. На фотах мы бачым не высокакваліфікаваных спецыялістаў, а шарагоўцаў.
У порце Тартус месціцца адзіная замежная база расійскага флота за граніцамі СНД, фоты былі змешчаныя таксама з Латакіі, правінцыі Хомс і Дамаска. У двух апошніх месцах адбываюцца крывавыя баі між сіламі Асада і разнароднымі атрадамі апазіцыі.