Піша вам сталы чытач «Нашай Нівы» Ціханавец Сяргей.
Прачытаў кнігу Мікалая Чаргінца «Операция «Кровь». Падзеі, апісаныя ў творы, адбываюцца ў Сёмкаве пад Мінскам. Фашысты забіралі кроў у дзяцей. Кроў улівалі сваім параненым.
Кніга як мастацкі твор мне спадабалася. Я не ведаю дакладнай гістарычнай праўды, усяго немагчыма апісаць, што тады адбывалася. Дый гэта ж не галоўнае. Я пра іншае.
Мне, як грамадзяніну і верніку Хрыстову, засела ў галаве тое, што самыя пачварныя паслугачы фашыстаў носяць прозвішчы Антончык, Вайтовіч, Ліпковіч.
Наколькі я ведаю, Антончык — былы дэпутат, які ў свой час не пабаяўся сказаць праўду пра карупцыянераў.
Вайтовіч — вучоны, акадэмік, чалавек прагрэсіўных поглядаў.
Ліпковіч — вядомы блогер, які цвяроза глядзіць на ўсе на ўсе падзеі нашага жыцця, некалі ў Севастопальскім парку спаліў кнігу спадара Чаргінца пад назваю «Тайны Авальнага кабінета».
Можна не згаджацца з поглядамі людзей, не пагаджацца з іх палітычнай пазіцыяй, але апускацца да такой брыдоты — гэта, як кажуць, прыехалі. Ды тут яшчэ і здзек з ахвяраў Халакосту…
Для Чаргінца, як афіцэра, дый проста чалавека, гэта нізка і непрыстойна.