Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эфіры анлайн-вяшчання рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» 25 жніўня пракаментавала заяву былога палітзняволенага Мікалая Статкевіча пра неабходнасць «адматаць выбарчую кампанію назад». «Я не ведаю, што такое «адматаць выбары назад», я не разумею. Гэта не стужка. Падзеі адбываюцца, яны прызначаны парламентам», — сказала Ярмошына. 

На пытанне, ці рада яна вызваленню Статкевіча, кіраўнік ЦВК адказала: «Што датычыцца яго вызвалення, можна радавацца свабодзе кожнага чалавека. Я лічу, што любы нармальны чалавек рады за другога, калі ён яму не зрабіў нічога дрэннага». 

Экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, вызвалены 22 жніўня на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні, у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што выбарчую кампанію неабходна пачаць нанова, бо «ўлады сфабрыкавалі спіс кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ да пачатку прэзідэнцкай гонкі». «Яны дадалі частку кандыдатаў, якія не сабралі подпісы, яны не дазволілі з'явіцца адзінаму кандыдату праз сваю агентурную сетку, выкарыстоўваючы натуральныя амбіцыі палітыкаў. Урэшце, выкарыстоўваючы свае дыпламатычныя каналы, яны перашкодзілі фінансаванню, рэсурснай падтрымцы магчымых сапраўды апазіцыйных кандыдатаў», — сказаў палітык. 

Паводле слоў Статкевіча, яго пункт гледжання падзяляюць і іншыя апазіцыйныя лідары. «Наша агульная пазіцыя: выбары нельга лічыць легітымнымі яшчэ да іх пачатку, — падкрэсліў былы палітзняволены. — Мы павінны патрабаваць таго, каб улады адматалі выбарчую кампанію назад, каб выбарчы працэс пачаўся з пачатку, з рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў». 

«Не буду разважаць наконт рэальнасці выканання гэтага патрабавання, але за гэта мы будзем змагацца, — дадаў Статкевіч. — Магчыма, мы скажам грамадству, што выбараў няма і хадзіць на іх няма сэнсу, але трэба, пакуль яшчэ не прайшла гэта кампанія, пакуль не адбылося тое, што плануецца, публічна, галосна патрабаваць адмены рэгістрацыі кандыдатаў і пачатку выбарчага працэсу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?