Супрацоўнікі аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (аддзела «К») УУС Мінаблвыканкама затрымалі 21-гадовага, нідзе не працуючага жыхара Мар'інай Горкі (Пухавіцкі раён). На працягу 2014 года і ў пачатку 2015-га ён ствараў і рэалізоўваў праз інтэрнэт шкодныя праграмы. 

Як паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама, малады чалавек стварыў шматфункцыянальную праграму, прызначаную для ўзлому сеткавых рэсурсаў (сайтаў) і ўкаранення ў іх шкоднага кода. У прыватнасці, створаная ім праграма дазваляла зламыснікам у аўтаматычным рэжыме неправамерна атрымліваць кантроль над рознымі сайтамі, а затым размяшчаць на іх спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, праз якое, у сваю чаргу, дзясяткамі і сотнямі тысяч рассылаліся рэкламныя лісты — спам. За кошт таго, што рассылка спаму вялася са знешне паспяховых сайтаў, эфектыўнасць праграм-антывірусаў, якія блакіруюць падобную непажаданую рэкламу, значна зніжалася. 

Першапачаткова малады праграміст самастойна тэставаў створаныя ім вірусныя праграмы, узламаўшы некалькі соцень сайтаў. Пры гэтым праз створаны анлайн-сэрвіс ён аказваў платныя паслугі па перанакіраванні карыстальнікаў, якія наведалі заражаныя рэсурсы, на сайт заказчыка, напрыклад, прызначаны для блакіравання браўзераў персанальных камп'ютараў. 

Паралельна зламыснік рэалізоўваў названае праграмнае забеспячэнне ўсім ахвотным праз спецыялізаваныя закрытыя інтэрнэт-пляцоўкі, прысвечаныя абмеркаванню сеткавай уразлівасці. 

Следчым упраўленнем УСК па Мінскай вобласці ў дачыненні да затрыманага распачата справа па ч. 1 арт. 354 КК (распрацоўка, выкарыстанне або распаўсюджванне шкодных праграм), санкцыі якой прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?