Да канца збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты застаецца адзін тыдзень. Ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў штодня называюць новыя лічбы, дэманструючы псіхалагічную перавагу над апанентамі.

Колькасць подпісаў за Аляксандра Лукашэнку агучваецца нерэгулярна, паводле апошніх паведамленняў, да канца тыдня яна мусіла перавысіць 1 мільён.

Эканаміст Віктар Цярэшчанка спрабуе замацаваць за сабой першае месца сярод кандыдатаў, якія не крытыкуюць цяперашняга кіраўніка краіны. Штаб Цярэшчанкі дэкларуе, што нанятыя студэнты сабралі 135 тысяч подпісаў. Апошнія дні колькасць павялічваецца рэкорднымі тэмпамі. Апетыт прыходзіць падчас ежы — кіраўнік ініцыятыўнай групы замахваецца на 250 тысяч галасоў.

Сяргей Гайдукевіч не верыць сваім апанентам, якія набралі патрэбную колькасць подпісаў. Затое сам дэкларуе, што 100 тысяч у яго ўжо ў кішэні.

Вырашыла не адставаць і Таццяна Караткевіч. Яна таксама пераконвае, што набрала 100 тысяч подпісаў.

План-графік атамана Мікалая Улаховіча паказвае, што на 13 жніўня ён набраў 87 тысяч галасоў. «У нас у адрозненне ад іншых ёсць строгі план-графік, якім мы кіруемся», — патлумачыў кіраўнік ягонага штаба Міхаіл Образаў.

Колькасць подпісаў у падтрымку Анатоля Лябедзьку вырасла самымі хуткімі тэмпамі. Кіраўнік яго выбарчага штабу Леў Марголін расказаў «Радыё Свабода» пра 70 тысяч подпісаў, прытым што тры дні таму называлася каля 50 тысяч.

Нарэшце, Сяргей Калякін абнаўляе дадзеныя па суботах. Таму на дадзены момант штаб указвае лічбу мінулага тыдня — 64 тысячы чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?