Паводле экспертызы СК Расійскай Федэрацыі, чалавек, які страляў у Барыса Нямцова 27 лютага, быў леўшуном. Леўшуном з’яўляецца галоўны затрыманы ў справе забойства Нямцова — Заур Дадаеў.

Спасылаючыся на ананімную крыніцу ў праваахоўных органах, «Россбалт» паведамляе, што Следчы камітэт скончыў балістычную, трасалагічную і біялагічную экспертызы ў рамках справы Нямцова. Спецыялісты прыйшлі да адназначнай высновы, што злачынца вёў стральбу, трымаючы пісталет у левай руцэ. Леўшуном з’яўляецца Заур Дадаеў, які спачатку прызнаўся ў злачынстве, але потым адмовіўся ад сваіх паказанняў.

Заур Дадаеў. Фота Reuters.com

Паводле гэтай самай крыніцы, эксперты выявілі на сядзенні аўтамабіля «ЗАЗ Шанс», у тым месцы, дзе пасля злачынства сядзеў Дадаеў, сляды пораху. Мяркуецца, што адразу пасля забойства Нямцова ён паклаў пісталет на сядзенне машыны побач з сабой.

У справе аб забойстве Барыса Нямцова арыштаваныя пяць чалавек. Таксама па справе праходзіць былы афіцэр батальёну «Поўнач» Руслан Герамееў. Следства падазрае яго ў арганізацыі забойства Барыса Нямцова. Герамееў знаходзіцца ў фэдэральным вышуку. Паводле звестак «Новай газеты», ён з’ехаў з Чачні ў складзе коннаспартовай чачэнскай дэлегацыі, якая ў канцы сакавіка вылецела ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?