Чыноўнікі і набліжаныя да ўлады асобы рэдка прадаюць надзелы ў элітных сталічных раёнах, такіх як Дразды, Вяснінка, Ржавец. Гэтую зямлю яны атрымалі на звышвыгадных умовах ці ў падарунак і трымаюцца за статуснае месца.

Аб’ява з Вілейскай

На сайтах агенцтваў нерухомасці з’явілася аб’ява аб продажы недабудаванага катэджа на вуліцы Вілейскай. Гэта раён за «Мінск-Арэнай», тут жыве банкаўская эліта: Пятро Пракаповіч, першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, старшыня Нацбанка Павел Калаўр.

Побач — алімпійскія чэмпіёны. Непадалёку дабудоўваецца дом, куды, кажуць, мае засяліцца беглы кіргізскі лідар Курманбек Бакіеў. Карацей, кампанія падабралася вельмі прыстойная.

Побач стаіць той самы выстаўлены на продаж катэдж 68-гадовага суддзі Файзулы Абдулоевіча Абдулоева.

Як грамадзянін Таджыкістана займеў элітную нерухомасць?

Міжнароднае супрацоўніцтва

Беларусь — сябар многіх міждзяржаўных утварэнняў на постсавецкай прасторы. СНД, АДКБ, Мытны саюз, ЕўрАзЭС… Кожная з гэтых арганізацый мае свае бюракратычныя структуры, некаторыя з іх размяшчаюцца ў Беларусі.

Штаб-кватэру Эканамічнага суда СНД вырашылі зрабіць у Мінску. Адпаведна краіны-ўдзельніцы прысылаюць сваіх прадстаўнікоў у нашу краіну. Беларусь абавязаная даць ім службовае жыллё. Для гэтых мэтаў выдзеленыя кватэры «Дыпсэрвіса» ў шматпавярховіках на вуліцы Чырвонаармейскай.

У 2004 годзе Таджыкістан змяніў свайго прадстаўніка пры Эканамічным судзе. Ім стаў першы намеснік міністра юстыцыі Таджыкістана Файзула Абдулоеў.

Цікава, што ягоны папярэднік, Хайдархуджа Талібаў, вырашыў застацца ў Беларусі. Ён уладкаваўся адвакатам у адну з юрыдычных кансультацый Мінска.

З цягам часу Абдулоева абралі старшынёй Эканамічнага суда СНД. Чым займалася арганізацыя пад яго кіраўніцтвам? Па словах самога суддзі, перадусім тлумачыла палажэнні заканадаўчых актаў СНД. Па зваротах дзяржаў было разгледжана толькі дзевяць спрэчак.

Інтэграцыя на постсавецкай прасторы працягвае развівацца, і ў снежні 2011 года з’явілася новае ўтварэнне — Эканамічны суд ЕўрАзЭС. Абдулоева перавялі туды працаваць адным з васьмі суддзяў. І менавіта ў гэтыя дні беларускія ўлады вырашылі зрабіць яму дзіўны падарунак.

Нявыгадная дамова

Файзула Абдулоеў і Мінгарвыканкам заключылі арэндную дамову на ўчастак на вуліцы Вілейскай. Паводле дакумента, грамадзянін Таджыкістана браў на 98 гадоў надзел памерам 12,75 соткі.

Кадастравая цана гэтай зямлі складае $205 тысяч. І гэта толькі афіцыйная цана, рынкавы кошт нашмат большы.

А вось Абдулоеў, паводле дакумента, плаціць усяго 344 250 рублёў на год. Заключаная дамова звышнявыгадная для бюджэту. На момант падпісання дакумента гэта было каля $40, у эквіваленце, па цяперашнім курсе — каля $22. З кожнай наступнай дэвальвацыяй сума меншае.

Аднак у любым выпадку прэтэндаваць на ўчастак суддзя не мог. Па агульным правіле, вызначаным прэзідэнцкім указам «Аб канфіскацыі і перадачы зямельных участкаў», зямля пад будаўніцтва выдзяляецца па выніках аўкцыёнаў. У Мінску выключэнне зроблена толькі для шматдзетных сем’яў, якім зямля можа выдавацца без таргоў.

Што праўда, Файзула Абдулоеў — насамрэч шматдзетны бацька. Паводле афіцыйнай біяграфіі, у яго 8 дзяцей і 25 унукаў. Але ж ён грамадзянін Таджыкістана, а не Беларусі! І нейкім чынам абскакаў усё чаргу ахвотных будавацца беларусаў.

Так дом мусіў выглядаць паводле праекта

Так дом мусіў выглядаць паводле праекта

Непатрэбны катэдж

Атрымаўшы зямлю, суддзя павольна пачаў будаўніцтва. Павольна — бо за два з паловай года гатоўнасць дома складае ўсяго 27%. Выкладзены толькі першы паверх, дый той не накрыты. Файзула Абдулоеў страціў інтарэс да будоўлі і вырашыў прадаць яе.

Будоўля даўно закансерваваная

Будоўля даўно закансерваваная

На сайтах агенцтваў нерухомасці за недароблены катэдж просяць $265 тысяч. Цана ніжэйшая за прапановы суседніх дамоў, бо зямля застаецца ва ўласнасці дзяржавы. Рыэлтар, якая вядзе продаж, прызнаецца, што прыватызаваць участак будзе надзвычай складана. Таму новы гаспадар застанецца з дамовай арэнды.

Цана гатовага збудавання на «сваёй» зямлі ў гэтым раёне даходзіла б да $1 мільёна.

Аднак для Файзулы Абдулоева гісторыя ў любым выпадку выгадная. На яго радзіме сярэдні заробак «чыстымі» складае $123 — гэта найгоршы паказчык на постсавецкай прасторы. Сярэдні таджык на той дом, які прадае суддзя ЕўрАзЭС, павінен зарабляць 180 гадоў.

***

Файзула Абдулоеў

Нарадзіўся ў кішлаку Кангурт Хатлонскай вобласці Таджыкістана. Скончыў юрыдычны факультэт Таджыкскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у судовай сферы (1976—1990), быў міністрам юстыцыі (1990—1993), старшынёй Вышэйшага эканамічнага суда (1995—1996) і Канстытуцыйнага суда (1996—2000). Суддзя Эканамічнага суда СНД (2004—2011), яго старшыня (2008—2011). Суддзя Эканамічнага суда ЕўрАзЭС (з 2011).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?