Колькасць ахвотных узяць удзел у выбарах — 14 чалавек (г.зн. падалі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп): Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Калякін, Сяргей Гайдукевіч, Андрэй Канавец, Таццяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька, група Мікалая Статкевіча, Жанна Раманоўская, Ірына Першына, Сяргей Заблоцкі, Тамара Бірукова, Віктар Цярэшчанка, Аляксандр Юдаеў, Мікалай Улаховіч. ЦВК зарэгістраваў пакуль групы Лукашэнкі, Калякіна і Гайдукевіча. Наступнае пасяджэнне ЦВК — у панядзелак.

18:48

За некалькі хвілін да дэдлайна з'явіўся 14-ы кандыдат. Гэта Мікалай Улаховіч — старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман «Беларускага казацтва». У яго групе больш за 1000 чалавек. Кіраўнік ініцыятыўнай групы — Міхаіл Образаў.

Ён кажа, што не выступае супраць Лукашэнкі, што ён і Лукашэнка — патрыёты. 

Мікалай Улаховіч, фота Сяргея Гудзіліна

Мікалай Улаховіч, фота Сяргея Гудзіліна

Улаховіч, дарэчы, быў героем публікацыі ў «Нашай Ніве», дзе распавядалася пра беларускае казацтва

Тым часам канчаткова стала вядома, што прадпрымальнік Уладзіслаў Цітовіч адмовіўся ад удзелу у выбарах.

18:20

Чарговая інтрыга вечара шчасліва вырашылася. Патэнцыйны кандыдат з Наваполацка Аляксандр Юдаеў паспець падаць дакументы. Кіраўнік ініцыятыўнай групы — Таццяна Бурая.

Аляксандр Юдаеў, фота Сяргея Гудзіліна

Аляксандр Юдаеў, фота Сяргея Гудзіліна

І сам Юдаеў, і прадстаўнікі яго ініцыятыўнай групы выглядаюць на прадстаўнікоў моднай апошнім часам плыні ламберсэксуалаў.

Ён на мінулых выбарах галасаваў за Някляева, а цяпер лічыць, што няма дастойнага, за каго аддаць голас, таму вылучаецца сам.

На яго думку, фрыкам цяпер можна лічыць кожнага.

Юдаеў скончыў Акадэмію мастацтваў, раней ён працаваў фотакарэспандэнтам у газеце «Веснік Нафтана», а цяпер уладкаваўся ў наваполацкі Палац культуры. Ні да якіх палітычных рухаў не належыць. Кажа, што адносіны з Расіяй павінны заставацца ў прыярытэце. Абураецца «навязваннем еўрапейскіх каштоўнасцяў».

17:17

Дакументы падаў прадпрымальнік Віктар Цярэшчанка, удзельнік кампаніі-2010.

У яго ініцыятыўнай групе 1000 чалавек. Кіраўнік групы — Алег Несцяркоў.

Ён сказаў, што яго мэта — стабілізацыя валюты і эканомікі. «Калі б мяне паслухаліся ў 2010 г., то мы б жылі добра і не адбылася дэвальвацыя, пра што я няраз папярэджваў».

Ён таксама заявіў, што Плошча ў 2010 г. была правакацыяй.

Цярэшчанка падкрэслівае, што ён ніякі не спарынг-партнёр Лукашэнкі, бо не можа ўжо знайсці сабе 5 гадоў працу.

Ён заяўляе, што адносіны з Расіяй не павінны быць прыярытэтнымі, а трэба аднолькава сябраваць з іншымі краінамі, у тым ліку з Еўропай.

Цярэшчанка дадаў, што разганяць цяперашні урад не варта, а проста трэба навучыць працаваць. 

Віктар Цярэшчанка, фота Сяргея Гудзіліна

Віктар Цярэшчанка, фота Сяргея Гудзіліна

17:05

Журналіст Васіль Сямашка прынёс у ЦВК рэгістраваць ката. Той вырываецца і не хоча ісці ў Цэнтрвыбаркам.

Ката ў ЦВК у выніку не прапусцілі, сказалі, што кот не можа быць зарэгістраваны. Але, як кажуць у кулуарах ахоўнікі, кот выглядае лепей, чым іншыя кандыдаты.

16:44

Дакументы у ЦВК падала Тамара Бірукова. У яе групе 55 чалавек.

фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

Ёй 48 гадоў, паводле адукацыі матэматык, працавала настаўніцай малодшых класаў. Цяпер, па яе словах вучыцца на юрыста.

На пытанне, чый Крым, адказала: «Агульны — і расійскі, і ўкраінскі».

У яе чацвёра дзяцей, яна — прыхільніца Статкевіча, кажа, што гэта ўзор мужнасці. Яна хацела б прыехаць да бацькоў Статкевіча і стаць перад ім на калені.

16:30

Штаб Першыной: Крым — гэта Украіна

15:40

Юрыя Шульгана і кіраўніка яго штаба Паўлюка Канавальчыка забрала міліцыя і пасадзіла ва ўазік, каб везці у РУУС для тэсту на алкаголь.

15:15

Пад вечар плануе прыехаць яшчэ адзін кандыдат з Наваполацка. Пакуль ён у дарозе.

15:10

Каля ЦВК знаходзіцца патэнцыйны кандыдат Уладзіслаў Цітовіч. Ён падрыхтаваў патрэбныя дакументы, але вагаецца, ці падаваць іх.

15:05

Стала вядома, што адмовіўся ад удзелу ў выбарах прадпрымальнік, арганізатар мядовых кірмашоў Юрый Радзькоў

15:00

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Юрый Шульган пакуль не можа падаць дакументы ў ЦВК, бо міліцыя яго не пускае ў будынак Дома ўрада. Прычына — занадта моцны пах алкаголю ад кандыдата.

Юрый Шульган, фота Сяргея Гудзіліна

Юрый Шульган, фота Сяргея Гудзіліна

* * *

Да 19.00 17 ліпеня ўсе ахвотныя балатавацца ў прэзідэнты Беларусі абавязаныя прынесці свае заяўкі ў Цэнтрвыбаркам. Кожны ахвотны беларус можа прынесці сваю заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Для таго, каб яе зарэгістравалі, у спісе мусіць быць не менш за 100 чалавек. Аднак заявы прымаюць ад усіх. Тых, хто не адпавядае патрабаванням закона, адсеяць 22 ліпеня.

На дадзены момант пададзеныя ўжо 10 заявак аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Андрэя Канаўца, Таццяны Караткевіч, Анатоля Лябедзькі, ад імя палітвязня Мікалая Статкевіча, Ірыны Першынай, Жанны Раманоўскай і Сяргея Заблоцкага (ён даслаў дакументы па пошце, таму абавязаны пацвердзіць іх асабістай прысутнасцю).

Першыя тры з іх — Лукашэнка, Калякін і Гайдукевіч — ужо зарэгістраваныя.

22 ліпеня стане вядома, ці будуць зарэгістраваныя тыя ці іншыя ініцыятыўныя групы. Потым стартуе збор подпісаў. Каб прайсці далей, трэба набраць 100 тыс. подпісаў.

Выбары прызначаныя на 11 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?