Фотасацсетка Instagram стала захоўваць здымкі ў разрозненні 1080х1080 замест ранейшых 640х640, паведамляе The Verge. Карыстальнікі сталі заўважаць гэта з беларускага Дня незалежнасці, 3 ліпеня, цяпер змены пацверджаныя прадстаўніком кампаніі.

Здымкі высокай якасці цяпер загружаюцца як з iOS, так і з Android-смартфонаў. Вэб-версія так і не навучылася загружаць ніякія фота.

Instagram быў запушчаны для iPhone у кастрычніку 2010 года, праз паўтара года з’явілася Android-версія. У тыя часы смартфоны мелі невысокае разрозненне экранаў (першыя «айфоны» мелі 320x480, iPhone 4 — 960x640), таму фота памерам 640х640 пікселяў задавольвалі карыстальнікаў.

Пазней з ростам якасці дысплэяў смартфонаў і планшэтаў памер фота на Instagram стаў успрымацца як састарэлы. Новы памер фота мусіць задаволіць карыстальнікаў: сёння нягласны стандарт разрознення смартфонаў — 1920х1080.

Сацсетку крытыкавалі і за няспешнасць у іншых справах. Напрыклад, нядаўна ў Instagram з’явіліся новыя фільтры — упершыню за два гады. Толькі два тыдні таму дадалася магчымасць пошуку фота па месцы і хэштэгу, даўно даступная ў старонніх сэрвісах і ў некаторых канкурэнтаў.

У 2012 годзе Instagram набыла за 1 млрд даляраў іншая сацсетка — Facebook. На момант публікацыі Instagram мае па ўсім свеце больш за 300 млн карыстальнікаў, актыўных штомесяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?