Падрыхтоўка візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан пакуль не вядзецца. Пра гэта заявіла БелаПАН прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант на просьбу пракаментаваць інфармацыю аб верагоднасці такога візіту ў верасні. 

«Гэта ўсяго толькі чуткі. Падрыхтоўка канкрэтнага візіту з канкрэтнымі датамі пакуль не вядзецца. Вядома, ёсць вуснае запрашэнне (наведаць Ватыкан), але мы пакуль пра канкрэтны візіт гаворкі не вядзем», — сказала Эйсмант.

Пра тое, што візіт Лукашэнкі ў Ватыкан можа адбыцца ў верасні, паведаміў у нядаўнім інтэрв'ю «Радыё Свабода» былы міністр замежных спраў Славакіі, палітычны аналітык Павел Дземеш. Ён таксама выказаў меркаванне, што перад гэтай паездкай Лукашэнка можа вызваліць палітвязня Мікалая Статкевіча. «Я схільны думаць, што Лукашэнка выпусціць яго перад сваёй паездкай да папы рымскага ў верасні гэтага года або адразу пасля яе», — сказаў Дземеш. 

У сакавіку гэтага года, наведваючы Мінск, дзяржсакратар П'етра Паралін заявіў, што Ватыкан гатовы прыняць з візітам прэзідэнта Беларусі. Паводле яго слоў, магчымасць арганізацыі такога візіту абмяркоўвалася падчас яго сустрэч з прадстаўнікамі дзяржорганаў Беларусі. «З боку Святога пасаду ёсць уся гатоўнасць для такога візіту. Чакаецца толькі рашэнне беларускага кіраўніцтва аб запытванні сустрэчы удакладнення дат візіту», — сказаў кардынал Паралін на прэс-канферэнцыі ў Мінску. Ён растлумачыў, што па пратаколе Святога прастола «палітычным лідарам не накіроўваюцца запрашэнні для правядзення сустрэч з папам». «Такія сустрэчы запытваюцца самімі зацікаўленымі, але гэта не выключае зацікаўленасці бакоў у такіх сустрэчах», — зазначыў кардынал.

Аляксандр Лукашэнка наведваў Ватыкан у красавіку 2009 года і разам са сваім малодшым сынам Мікалаем быў прыняты папам Бенядзіктам XVI. Візіт праходзіў у перыяд, калі візавыя санкцыі ЕС у дачыненні да Лукашэнкі былі часова замарожаныя.

Зараз візавыя і фінансавыя санкцыі ЕС у дачыненні да Лукашэнкі і яшчэ больш як 200 беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць у поўным аб'ёме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?