У першай палове ліпеня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў будзе абмяркоўвацца эфектыўнасць работы падрадных арганізацый у будаўніцтве, домабудаўнічых камбінатаў і арганізацый прамысловасці будматэрыялаў.
Са справаздачай ва ўрадзе выступіць міністр архітэктуры і будаўніцтва, а таксама старшыні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама. Гэта прадугледжана апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пастановай урада ад 3 чэрвеня № 462, якой зацверджаны план работы Савета міністраў і прэзідыума Саўміна на другое паўгоддзе 2015 года.
Акрамя таго, у ліпені дзяржаўныя органы і прадпрыемствы зробяць справаздачу перад Саўмінам аб прынятых мерах па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту за студзень—май і «выніках працы службовых асоб, замацаваных за замежнымі краінамі».
Размова таксама пойдзе пра выкарыстанне механізмаў стымулявання экспарту ў межах указаў прэзідэнта № 466 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь» і № 534 «Аб садзеянні развіццю экспарту тавараў (работ, паслуг)».
Асобным пытаннем у плане работы Саўміна абазначана справаздача старшыні канцэрна «Белнафтахім» «аб прынятых мерах па скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі, зніжэнні знешняй дэбіторскай запазычанасці, росту экспарту і фінансавай устойлівасці арганізацый канцэрна».
У верасні ў цэнтры ўвагі ўрада будзе сітуацыя, што складваецца ў лёгкай прамысловасці. У прыватнасці, плануецца абмеркаваць мадэрнізацыю ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне» і развіццё холдынга на базе кампаніі «Марка».
Таксама паведамляецца, што праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2016 год будуць унесеныя ва ўрад да 11 жніўня, да 25 жніўня яны павінны быць разгледжаныя на пасяджэнні Савета міністраў.