Кіраўнік абароннага ведамства ЗША Эштан Картэр заклікаў спыніць любую дзейнасць у спрэчных водах Паўднёва-Кітайскага мора, бо гэта прыводзіць да дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне.
Выступаючы на форуме па бяспецы ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне ў Сінгапуры, Картэр, у прыватнасці, падкрэсліў, што дзеянні Кітая ідуць насуперак міжнародным нормам.
Кітай настойвае на тым, што яму належыць практычна ўся акваторыя Паўднёва-Кітайскага мора, на якую таксама прэтэндуюць яго суседзі.
Тэрытарыяльную прыналежнасць астравоў архіпелага Спратлі ў паўднёва-заходняй частцы мора разам з Кітаем аспрэчваюць В'етнам, Тайвань, Малайзія, Філіпіны і Бруней.
Кітайскія будаўнікі штучна нарошчваюць плошчу некаторых спрэчных выспаў, падымаючы з марскога дна тоны камянёў і згружаючы іх на падводныя скалы.
Акрамя таго, на гэтым тыдні была апублікаваная новая ваенная стратэгія КНР, згодна з якой кітайскія ваенна-марскія сілы павінны засяродзіць сваю ўвагу «на далёкіх рубяжах краіны».
Кіраўнік Пентагона паабяцаў, што ЗША будуць нарошчваць сваю прысутнасць у рэгіёне, як у паветры, так і на моры — «ўсюды, дзе гэта дазваляе міжнароднае заканадаўства».
Прадстаўнік Пекіна на форуме у Сінгапуры ўжо назваў заявы Картэра беспадстаўнымі і неканструктыўнымі, дадаўшы, што палітыка Кітая ў дачыненні да выспаў «разумная і абгрунтаваная».
А прэс-сакратар міністэрства замежных спраў КНР папрасіла ЗША «спыніць правакацыйныя каментары».