Фота ТАСС.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прадставіў новага старшыню Адэскай абласной адміністрацыі, якім стаў экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.
Адпаведную заяву прэзідэнт зрабіў, прыбыўшы ў Адэсу з рабочым візітам разам з новым губернатарам, паведамляе Украінская праўда.
Прадстаўляючы новага кіраўніка, Парашэнка ахарактарызаваў яго як «незалежнага, рашучага чалавека, які змяніў Тбілісі».
«У шматнацыянальнай Адэскай вобласці трэба да кожнага знайсці свае словы», — сказаў Парашэнка, звяртаючыся да Саакашвілі і паўтарыў гэтыя словы на некалькіх мовах — украінскай, рускай, румынскай, балгарскай.
Парашэнка таксама дадаў, што адной з галоўных задач для Саакашвілі стане дэалігархізацыя, каб ва Украіне «больш не было алігархаў».
Сярод задач Саакашвілі таксама — барацьба з карупцыяй, забеспячэнне празрыстасці ў працы мытні і фіскальнай службы, абарона правоў грамадзян і дэмакратыі.
Таксама Парашэнка адзначыў: «Ва Украіне ёсць свой уласны шлях, але прыклад Грузіі дазволіць нам не наступаць на тыя ж граблі, змяняючы краіну».
У сваю чаргу, Саакашвілі адзначыў, што прыехаў у Адэсу не адпачываць і хоча пабудаваць «сталіцу Чорнага мора».