У кіеўскім ваенным шпіталі, дзе лечацца затрыманыя расіяне Аляксандр Аляксандраў і Яўген Ерафееў, устаноўленыя сістэмы радыяцыйнай абароны.
Такія меры засцярогі распачала Служба бяспекі Украіны, піша «Новая газета».
Па словах прадстаўнікоў СБУ, якая забяспечвае ахову затрыманых расейцаў, дадзеная мера прынята «ў сувязі з пагрозай замаху на жыцці капітана Ерафеева і сяржанта Аляксандрава з боку расейскіх спецслужбаў».
«Яшчэ адзін інцыдэнт, накшталт ліквідацыі Літвіненкі, нам не патрэбны», — пракаментавалі ў офісе дарадцы кіраўніка СБУ Маркіян Лубкіўскага.
Былы супрацоўнік ФСБ Аляксандр Літвіненка ў 1998 годзе сцвярджаў, што расійскія спецслужбы загадалі яму ліквідаваць алігарха Барыса Беразоўскага, які жыве ў Вялікабрытаніі.
У 2000 годзе збег з Расіі, атрымаўшы палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. Аўтар кнігі «ФСБ узрывае Расію».
У 2006 годзе Аляксандр Літвіненка раптоўна памёр ад атручвання радыёактыўным палоніем. Расследаванне гібелі экс-супрацоўніка спецслужбаў у Вялікабрытаніі ідзе па сённяшні дзень.
Брытанскія следчыя лічаць галоўнымі падазраванымі Андрэя Лугавога, былога супрацоўніка спецслужбаў, цяпер — дэпутата Дзярждумы, і бізнэсмена Дзмітрыя Коўтуна.