«Рэгіянальная газета» сустрэлася з Марыяй Якаўлеўнай напярэдадні яе 80-гадовага юбілею, каб распытаць, ці не надакучыла працаваць усё жыццё і як гэта адчуваць сябе пачынальніцай дынастыі дактароў.

Да Марыі ў яе сям’і дактароў не было. Бацька быў чыгуначнікам, маці — гаспадыняй.

— А з прафесіяй дапамагла вызначыцца менавіта мама. Колькі сябе памятаю, яна заўсёды казала, што адна з яе дачок будзе доктарам, а другая – настаўніцай. Так і атрымалася.

Пасля заканчэння медыцынскага інстытута Марыю Зяцеву накіравалі па размеркаванні ў вёску Іжа, што на Вілейшчыне, а з 1968 года яна працуе ў Маладзечне.

— У Маладзечна накіравалі майго мужа Аркадзя Канстанцінавіча Лабанка працаваць галоўным доктарам у скурна-венералагічны дыспансер.

З мужам Марыя Зяцева вучылася на адным курсе медыцынскага інстытута. Але пазнаёміліся яны за шмат кіламетраў ад дома – у Казахстане, куды пасля першага курса адправілі студэнтаў скараць цаліну.

– Тады мой будучы муж зайшоў да нас у брыгаду папрасіць прадуктаў, бо ў іх скончыліся. Так і пазнаёміліся. Сябравалі пяць гадоў, а на апошнім курсе ажаніліся.

Сваруся з пацыентамі, калі яны своечасова не лечацца

На пытанне, ці не надакучыла Марыі Якаўлеўне працаваць 50 год на адным і тым жа месцы, яна здзіўлена падымае вочы з-пад акуляраў.

– Не. Мне работа падабаецца. Я ж кожны дзень людзям дапамагаю. Гэта не можа надакучыць.

За столькі гадоў працы, прызнаецца Марыя Якаўлеўна, здараліся розныя выпадкі. Самыя сумныя, канешне, калі пацыент не звярнуўся своечасова і яго выратаваць не ўдалося.

– Таму я да сёння раблю заўвагі пацыентам, якія не прыходзяць на прыём да доктара своечасова або прапускаюць прызначаны прыём. Яны ж не ведаюць, што я часам да галавы іх хваробы бяру болей, чым яны самі. Бывае, здарыцца які выпадак, а ты не разумееш, што з чалавекам. Так ён са сваёй хваробай цэлы дзень сядзіць у галаве. Нешта робіш, потым зноў у думках вяртаешся да яго. І ноччу, кладзешся спаць, а раптам зноў успомніш пра пацыента. Які там ужо сон?!

А адпачывае Марыя Якаўлеўна пасля працы за чытаннем.

– Не люблю я старэчыя справы – вязанне, вышыўкі. Я чытаць люблю. Увесь час захопленая кнігамі, часопісамі. Газеты свежыя кожны дзень гартаю.

«Мама, а кім мне яшчэ быць?»

Сын і дачка Марыі Зяцевай таксама сталі дактарамі.

– Калі сын яшчэ вучыўся ў школе, ён неяк запытаўся ў нас з мужам: «Ну кім я яшчэ магу быць, калі не доктарам?» Прызнацца, я рада, што і сын, і дачка пайшлі ў медыцыну. Больш за тое, цяпер і ўнук паступіў у медыцынскі ўніверсітэт. Вучыцца і працуе ў бальніцы.

Марыя Якаўлеўна і ўнуку, і ўсім тым, хто думае звязаць свой лёс з медыцынай, раіць займацца гэтай няпростай справай ад душы. І любіць сваю работу.

Адна Марыя Якаўлеўна такая маладзец!

Загадчыца другога тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Ганна Лескіць адгукаецца пра Марыю Зяцеву выключна станоўча:

– За мой працоўны шлях толькі адна Марыя Якаўлеўна такая мала­дзец! А што пра яе сказаць, акрамя добрых слоў? Яна і старанная, і адказная. Ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў канферэнцыях, ведае назвы ўсіх навамодных лекаў. І дзякуй ёй вялікі за тое, што нават пасля 25 гадоў, як на пенсіі, яна працягвае працаваць. І вельмі нас ратуе. Што тут хаваць? Кадраў у нас не хапае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?