«Мы шчыра зацікаўленыя ў развіцці маштабнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з КНДР», — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, сустракаючыся 9 сакавіка ў Мінску з кіраўніком МЗС Паўночнай Карэі Лі Су Ёнам.
«Беларусь вырабляе шэраг тавараў, якія былі б цікавыя вашай краіне, — сказаў Макей. — Ваша краіна мае прадукцыю, якая магла б быць цікавай нам».
Кіраўнік беларускага МЗС адзначыў, што асновай ідэалогіі КНДР з'яўляецца «стаўка на свае сілы і патэнцыял». «Мы лічым, што ў такім турбулентным свеце можна выжыць, спадзеючыся толькі на сябе», — сказаў міністр.
Паводле яго слоў, Беларусь гатова абмяркоўваць з КНДР перспектыву гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і канкрэтныя праекты, якія могуць «надаць яму дынаміку».
«Ваш візіт будзе спрыяць таму, каб супрацоўніцтва выйшла на больш высокі ўзровень, — сказаў Макей. — Ваш візіт зробіць вялікі ўнёсак у развіццё нашага двухбаковага супрацоўніцтва».
У сваю чаргу Лі Су Ён адзначыў, што Беларусь і КНДР раздзяляюць вялікія адлегласці, але нягледзячы на гэта, двухбаковыя адносіны «маюць глыбокія карані, даўнюю гісторыю». Ён нагадаў, што КНДР была адной з першых краін, якая ўстанавіла з Беларуссю дыпламатычныя адносіны пасля набыцця апошняй незалежнасці.
«Мы вельмі высока ацэньваем і радуемся, што пад кіраўніцтвам паважанага прэзідэнта Лукашэнкі ваша краіна дабілася вельмі высокага развіцця, адначасова праводзячы незалежную палітыку», — сказаў кіраўнік МЗС КНДР.