Дырэктар музея палітычных рэпрэсій «Перм-36» Віктар Шмыраў заяўляе, што мясцовыя ўлады ўзялі мемарыял пад свой кантроль і прыбралі згадкі пра злачынствы Іосіфа Сталіна.
Мемарыяльны музей «Перм-36» заснаваны на месцы былой папраўча-працоўнай калоніі на Урале.
Гэта адзіны ацалелы лагер, пабудаваны ў часы сталінскага тэрору.
«Палітычнае рашэнне»
«Вядома, гэта палітычнае рашэнне», — не сумняваецца Віктар Шмыраў ў падаплёцы рашэння новага кіраўніцтва.
Музеем кіравала няўрадавая арганізацыя, якая заявіла аб самаліквідацыі пасля канфлікту з пермскімі ўладамі.
У ГУЛАГ (Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных паселішчаў і месцаў зняволення) высылалі мільёны грамадзян СССР у сталінскія часы. Найбольшага маштабу рэпрэсіі дасягнулі ў 1930-х гадах.
Партрэты Сталіна, якія былі забароненыя пасля выкрыцця культу асобы ў 60-х гадах, у сучаснай Расіі можна ўбачыць усё часцей.
Даследаванні паказваюць, што многія расейцы лічаць Сталіна героем. Аднак у самім лагеры, створаным па ўказанні Сталіна, згадак пра яго цяпер не сустрэнеш.
Не пра палітвязняў
Дырэктар «Пермі-36» Віктар Шмыраў патлумачыў, як змянілася канцэпцыя музея з прыходам новага кіраўніцтва.
«Мемарыял не знікне, але музей захапілі людзі, якіх прызначыла новая ўлада, і цалкам змянілі яго. Цяпер гэта музей пра лагерную сістэму, але не пра палітычных зняволеных. Яны не гавораць пра рэпрэсіі або пра Сталіна», — кажа Шмыраў.
На яго погляд, музей стане іншым і страціць сваё значэнне.
Па словах Шмырава, наступ уладаў на музей пачаўся ў 2013 годзе, і спачатку тысячы людзей спрабавалі пратэставаць.
Але летась вясной у музеі з-за даўгоў адключылі ваду і электрычнасць.
Папраўча-працоўная калонія ў Сібіры «Перм-36» амаль не змянілася з часоў Сталіна: на 14 тыс. кв. м. за платамі і калючым дротам размясціліся 20 будынкаў, якія правільней назваць баракамі.
«Дзяржава сталінскага тыпу»
За часы рэпрэсій часоў Сталіна больш за 3 тысячы палітычных зняволеных прайшлі праз гэты лагер, за часы Леаніда Брэжнева — яшчэ каля тысячы, кажа Шмыраў.
Лагер закрылі ў 1988 годзе, а праз восем гадоў на яго тэрыторыі быў заснаваны музей.
Шмыраў лічыць, што працэс паглынання музея ўладамі адбываецца не столькі з мэтай рэабілітацыі Сталіна, колькі «па палітычных прычынах».
«Мы ўжо назіраем стварэнне дзяржавы сталінскага тыпу — вялікая ўлада засяроджаная ў руках аднаго чалавека», — кажа Шмыраў.
На яго погляд, пры прэзідэнце Пуціне «няма ніякай неабходнасці для рэпрэсій — людзі сталі пакорлівымі».
«Палітычная сістэма вяртаецца да таталітарызму», — заключае Шмыраў.