Сетка рэстаранаў хуткага харчавання KFC у Вялікабрытаніі прадставіла посуд для кавы «Scoff-ee Cup», які можна (і трэба) есці, распавядае The Daily Mirror.
Кубачкі вырабленыя з печыва, абгорнутага ў цукровую паперу і пакрытага белым шакаладам. Посуд спачатку цяжка кусаць, але з цягам часу ён пачынае раставаць і станавіцца мякчэйшым.
На шакалад натуральнымі фарбавальнікамі нанесены лагатып KFC. 100% матэрыялаў кубачкаў ядомыя.
Кубачкі дадаткова насычаныя водарамі палявых кветак, свежапакошанай травы і какосавага крэму для загару. Такая камбінацыя мусіць нагадваць пра цеплыню, лета і адпачынак.
На сёння «Scoff-ee Cup» знаходзіцца ў стане дапрацоўкі і пакуль не аддадзены на з’ядзенне наведнікам KFC. Посуд распрацаваны пад новую лінейку гатункаў кавы «Seattle’s Best Coffee» (100% арабіка).