Актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Ігар Шчука з Беларусі летась падтрымаў увядзенне расійскіх войскаў у Крым і адправіўся на паўвостраў. А пасля паехаў і ў Данецк, і ў Луганск. Праўда, тады хлопец ужо не жыў у Беларусі. Але ў Салігорску ў яго застаюцца родныя. І беларускі пашпарт ён не мяняў.

«Наша Ніва» пагаварыла з Ігарам Шчукам.

Ігар Шчука ў пасёлку Еляноўка Данецкай вобласці. Фота з сацыяльных сетак.  

Ігар Шчука ў пасёлку Еляноўка Данецкай вобласці. Фота з сацыяльных сетак.

«Наша Ніва»: У Мінску праходзяць перамовы так званай «нармаднскай чацвёркі» [размова вялася 12 лютага, калі перамовы яшчэ не скончыліся]. У Луганску да іх ёсць інтарэс?

Ігар Шчука: У перамовы што мірнае насельніцтва, што апалчэнне даўным-даўно не верыць. Бо яны, як правіла, ні да чаго не прыводзяць. Я вось цяпер знаходжуся ў горадзе Стаханаў [60 км ад Луганска — СМ]. Тут было дамоўлена пра «дзень цішыні», але яго не было: пастаянна бамбяць, у тым ліку па мірных кварталах. І вось учора, напрыклад, аўтавакзал разбамбілі.

«НН»: Якім бачыцца канец вайны? Які вынік найбольш рэалістычны?

ІШ: Мяркую, Луганская і Данецкая вобласці, Харкаўская і Днепрапятроўская…

Нават калі кіраўніцтва пагодзіцца на нешта, апалчэнне на гэта не пойдзе. Людзі тут ужо да канца, што называецца. Некаторыя «гарачыя галовы» да Кіева збіраюцца дайсці.

«НН»: Як даўно знаходзіцеся ва Украіне?

ІШ: Першапачаткова я быў у Крыме — прыехаў туды 1 сакавіка 2014. Затым паехаў у Данецк, у Краматорск, зноў у Данецк. На тыдзень выехаў у Маскву. Адтуль у Луганск. І некалькі дзён ужо ў Стаханаве.

«НН»: У якім батальёне знаходзіцеся?

ІШ: Ні ў якім батальёне. Груба кажучы, я ваенны карэспандэнт ад руху «Інтэрбрыгады».

Разам з казаком Бабаем. Фота з сацыяльных сетак.

Разам з казаком Бабаем. Фота з сацыяльных сетак.

«НН»: Што гэта значыць?

ІШ: Рух «Інтэрбрыгады» створаны партыяй «Другая Россія» Эдуарда Лімонава для дапамогі добраахвотнікам, якія праз наш рух сюды прыязджаюць. Займаемся адпраўкай гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву, у дзіцячыя дамы, школы…

«НН»: То бок Вы прымаеце канкрэтны бок канфлікту?

ІШ: Я прымаю бок «ДНР», «ЛНР», «Наваросіі». Мы сваю пазіцыю абазначылі ў пачатку канфлікту.

«НН»: Летам да Вашай маці ў Салігорску прыходзіла міліцыя, цікавілася Вашым знаходжаннем ва Украіне…

ІШ: Нават не тое, каб цікавіліся. Проста я па тэлефоне неяк прагаварыўся ў канцы лета, што збіраюся ў Маскву, а з Масквы ў Беларусь. Пакуль мама мне не патэлефанавала і не сказала, што прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і збіраліся мяне ледзь не затрымліваць. А я па шчаслівым выпадку тады не паехаў у Беларусь. Яе адвезлі ў пастарунак і доўга расказвалі, як я забіваю мірнае насельніцтва, які я крывавы забойца.

«НН»: А Вы за гэты час за зброю не браліся?

ІШ: Не, я ніводнага стрэлу не зрабіў.

«НН»: Грамадзянства, як разумею, у Вас застаецца беларускае?

ІШ: Так. Але, думаю, у выніку давядзецца мяняць.

«НН»: Баіцеся, што ў Беларусі могуць завесці справу?

ІШ: Усе мы ведаем беларускае заканадаўства, як і расійскае. Складу злачынства нібыта няма, але Беларусь гэта дакажа.

«НН»: Сутыкаліся з беларусамі на баку «ЛНР»?

ІШ: Так, канечне.

«НН»: Як шмат іх?

ІШ: Іх не шмат, але яны ёсць. Усіх пакрысе, што называецца. Асноўная частка, канечне, мясцовыя. Ёсць людзі з Латвіі, Грэцыі, ёсць амерыканцы, англічане. Практычна ўся Еўропа. Ёсць нават адзін чалавек цемнаскуры.

Разам з грамадзянінам Латвіі Бянесам Аё, які ваюе на баку «ЛНР». Фота з сацыяльных сетак.

Разам з грамадзянінам Латвіі Бянесам Аё, які ваюе на баку «ЛНР». Фота з сацыяльных сетак.

Бянес Аё, фота з сацыяльных сетак.

Бянес Аё, фота з сацыяльных сетак.

«НН»: Адны беларусы, якія ваююць на баку «ДНР», «ЛНР», кажуць, што атрымліваюць грошы за гэта, іншыя — адмаўляюць. Вы кажаце пра англічан, амерыканцаў, грэкаў. Гэта наёмнікі, якія едуць па рубель?

ІШ: Гэта такія салдаты ўдачы — людзі з баявым вопытам. Што я патлумачу: тут грошы патрэбныя толькі мясцовым. Астатнія прыехалі не за грошы ваяваць. Як і нам: мы практычна жывём за свае сродкі. І тэхніка наша ўся куплена за ўсе нашы грошы. Замежнікі — гэта такія авантурысты, салдаты ўдачы. Яны прыехалі працаваць за ідэю. Убачылі ў стварэнні «Наваросіі» правільны пасыл і прыехалі дапамагчы. І самае бязглуздае, што можна прыдумаць — паміраць за грошы. А гэта людзі не дурныя.

«НН»: Кіеў заяўляе пра прысутнасць расійскіх салдат на баку «ДНР», «ЛНР». Гэта цэлыя падраздзяленні?

ІШ: Гэта, як правіла, калі яны і прысутнічаюць, салдаты, якія звальняюцца з расійскай арміі і замест таго, каб шыхтам хадзіць, едуць займацца справай. Як правіла, гэта ў першую чаргу персанал, які навучае.

«НН»: Афіцэры?

ІШ: Так. Калі б тут была расійская армія, то мы даўно перамаглі б.

«НН»: У Мінску Вас памятаюць па нацыянал-бальшавіцкім руху. Перад прыездам Пуціна ў беларускую сталіцу, як правіла, актывістаў-нацбалаў затрымлівалі, каб яны не ладзілі акцый. Як гэта стасуецца з тым, што Вы цяпер з Пуціным выступаеце адным фронтам у пытанні «ДНР», «ЛНР»?

ІШ: Яшчэ ў 1999 годзе нацболы праводзілі акцыю на Вежы маракоў у Севастопалі пад лозунгам «Севастопаль — рускі горад». У нас яшчэ ў 1994 годзе была напісана праграма (калі пра Пуціна ніхто не ведаў): Данбас, Харкаў, Луганская вобласць — руская зямля. Хутчэй Пуцін за нас, чым мы за Пуціна ў гэтай сітуацыі. Мы як заставаліся ў апазіцыі да Пуціна, так і застаёмся. Лібералы нашы пачалі ва ўнісон крычаць, што Лімонаў Пуціну прадаўся. Гэта лухта. Мы дзейнічаем строга па сваёй праграме. І нічога прапуцінскага ў гэтым я не бачу.

У нас шмат людзей сярод добраахвотнікаў, якія ў апазіцыі да Пуціна. Але гэта не перашкаджае ім ваяваць на баку рускіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?