«Калі б Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца ладзілася сярод усіх 14 кніг, да гэтага часу напісаных Альгердам Бахарэвічам, то раман «Дзеці Аліндаркі» ўзяў бы першы прыз, для прыліку пазмагаўшыся ў фінале з «Сарокаю на шыбеніцы», — піша ў рэцэнзіі на кнігу на сайце Lohvinau.by Марыя Мартысевіч. — «Дзеці Аліндаркі» — самая моцная кніга, створаная пісьменьнікам за гады існаваньня прэміі», — піша Мартысевіч.

«Раман вельмі добра зроблены, але ёсьць яшчэ нешта. Ці то пісьменьнік прыслухаўся да крытыкаў, ці то спрацавалі пазалітаратурныя фактары, але гэтым разам ім рухала любоў. Асноўны стрыжань тэксту – гэта шчымлівая лінія стасункаў бацькі і маленькай дачкі, зь якой ён разлучаны па ўласнай, фактычна, віне, і якую аднойчы можа страціць назаўсёды. Ня трэба быць Фройдам, каб зразумець, што лінія аўтабіяграфічная. Старонкі, прысьвечаныя дачцэ, выклікаюць безліч самых шчырых эмоцый», — адзначае Мартысевіч.

«Дзеці Аліндаркі» маюць у сабе элемэнты антыўтопіі, але усё-ткі больш падобныя да казкі, — расказвае пра кнігу Мартысевіч. — Беларускія нацыяналісты загуляліся ў Мову і Гісторыю. Яны ня хочуць прымаць рэчаіснасьці, у якой ніякай Мовы няма, а пануе адзін непахісны Язык. Больш за тое: валоданьне Мовай лічыцца псыхічным і фізіялягічным адхіленьнем — наступствамі пухліны пад языком, якую можна купіраваць у раньнім дзяцінстве. У бацькоў, якія таемна вучаць малых размаўляць па-беларуску, спэцыяльныя службы забіраюць дзяцей, высылаючы іх у папраўчыя піянэрлягеры, дзе на дзяржаўныя гранты праводзіць свае экспэрымэнты доктар-самавук».

«Адзін з бацькоў выкрадае сына і дачку з папраўчага лягера і праз сваю нядбаласьць пакідае адных у цёмным лесе. Далей мы бачым рэчаіснасьць пераважна праз прызму карціны сьвету хлопчыка і дзяўчынкі, у якіх на вуснах перамяшаліся Мова ды Язык, а таксама тыя ідэалягемы, якія з дапамогай гэтых малаткоў забілі ў іх галовы дарослыя».

«Дзяўчынку ў рамане завуць спачатку Сіа, потым Лёся. Хлопчыка — Лёччык. Лёся і Лёччык — гэта, безумоўна, Гензэль і Грэтель у беларускай адаптацыі («Лілею млявы плёс люляе…») Апроч таго, назваўшы хлопчыка Лёччыкам, аўтар з самай першай старонкі выракае чытача на трывожнае чаканьне: няўжо ён чарговага разу апаганіць сьветлую памяць Янкі Купалы?.. І ў выніку… Зрэшты, ня будзем псаваць інтрыгу».

«Бацьку ў рамане не завуць ніяк. Ён проста Бацька. Як і Аліндарка, паводле некаторых даследчыкаў Багушэвіча, бацька ў рамане Бахарэвіча — чалавек бяз імені», — піша Мартысевіч.

Дарэчы, загалоўны Аліндарка больш нідзе ў тэксце не фігуруе, але задае троп, створаны ў класічнай паэме Францішка Багушэвіча «Кепска будзе» (гл. пра гэта таксама эсэ Валера Булгакава «Мой Багушэвіч»).

Як лічыць крытык, «назва раману «Дзеці Аліндаркі» падказвае, што кніга найперш — пра тое, што сталася з сучаснымі беларусамі, нашчадкамі тых самых пагарджаных, сьляпых, глухіх сялян у выніку апыленьня багушэвіцкага міфу рознымі няправільнымі пчоламі».

І яна працягвае: «Але па-над усім гэтым хаосам раптам урубаецца мантра: «Я нарадзіўся тут — і я буду жыць тут» — і зьяўляецца новы Аліндарка, для якога жыцьцё ў Беларусі — гэта выкшталцоная форма мазахізму. Новы раман Бахарэвіча паказвае апантанага «тутэйшага» нацыяналіста зь яго Праўдай (і заадно — Крыўдай). Зь яго штодзённым паўп’яным існаваньнем на мяжы шызафрэніі. І, як і наказваў Мацей Бурачок, галоўнае, вакол чаго точыцца такое самазьнішчальнае існаваньне — гэта Мова. Дакладней — ad absurdum — Язык».

Кніга Бахарэвіча многіх пакрыўдзіць, прадказвае Мартысевіч: «У «Дзецях Аліндаркі» адбываецца парад самых розных — але абавязкова дэвіянтных — носьбітаў (або ня-носьбітаў) беларускай мовы. Таты, якія забараняюць дзецям размаўляць па-руску ў русіфікаванай краіне, выракаючы іх на маўчаньне; мамы, якія, стаміўшыся выбіраць паміж рускай і беларускай мовай для сваіх дачок і сыноў, у выніку прагматычна выбіраюць нямецкую; спакусьлівыя дзяўчаты, якія пераходзяць на беларускую мову дзеля каханка, а потым груба і рэзка разьвітваюцца зь беларушчынай, калі каханьне аказалася няўдалым; чыноўнікі і настаўнікі, якія лічаць беларускую мову адхіленьнем ад нормы і змагаюццца зь ёй у пашпартах, на шыльдах, у пропісах; тупаватыя пісьменьнікі, якія на замову ўлады ствараюць эрзац нацыянальнай літаратуры, каб давесьці, што «на этом языке нельзя высказать умную мысль»… 

Але ўсё-ткі «існуе для гэтага Бахарэвіча нешта сьвятое, — адзначае Мартысевіч. — Гэта дзеці». І прызнае мастацкую сілу кнігі.

Цалкам рэцэнзію Марыі Мартысевіч можна прачытаць на сайце Lohvinau.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?