У Беларусі не прыватызаваныя 9% жыллёвага фонду, паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун 27 студзеня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Паводле яго слоў, на 1 студзеня 2014 года ў краіне была зарэгістраваная 4 млн. 94 тыс. 631 кватэра. «Гэта ўвесь жыллёвы фонд. З яго каля 365 тыс. кватэр, г. зн. амаль 9%, заселеныя па дагаворах найму дзяржаўнага жыллёвага фонду і не могуць падлягаць прыватызацыі. Такім чынам, прыкладна 91% жылля сёння ў краіне — гэта прыватная ўласнасць, а каля 9% — дзяржаўная», — сказаў Шагун. 

Пры гэтым намеснік міністра зазначыў, што ведамства пакуль не валодае інфармацыяй аб прыватызацыі ў 2014 годзе, гэтыя звесткі могуць з'явіцца ў лютым. «Але магу сказаць, што ў сувязі з прыняццем рашэння аб завяршэнні прыватызацыі жылфонду да 1 ліпеня 2016 года ў нас значна актывізаваўся працэс прыватызацыі тых кватэр, якія па нейкіх прычынах грамадзяне на працягу больш як 20 гадоў, што прайшлі з пачатку прыватызацыі, дагэтуль не прыватызавалі», — сказаў ён. 

Большая частка непрыватызаванага жылля, паводле слоў намесніка міністра, знаходзіцца ва ўласнасці мясцовых выканаўчых органаў, і для яго прыватызацыі неабходна звяртацца ў мясцовы рай- ці гарвыканкам. «Калі жылфонд належыць якой-небудзь арганізацыі рэспубліканскай формы ўласнасці, то трэба звяртацца ў гэту арганізацыю», — паведаміў Шагун.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?