Пад агнём расійскіх танкаў і артылерыі ўкраінскія войскі вымушаны былі пакінуць 31-ы блокпаст, што на Бахмуцкай трасе ў Луганскай вобласці. Яны адступілі на запасныя апорныя пункты. Баі ў раёне Бахмуткі працягваюцца, у тым ліку ў раёнах 29-га і 30-га блокпастоў.

Інтэнсіўныя перастрэлкі адбываліся таксама ў раёнах Данецка, Марыупаля.

Начальнік Генштаба — галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Украіны генерал-палкоўнік Віктар Мужэнка, знаходзіцца ў зоне баёў і працягвае кіраваць падраздзяленнямі ВСУ, паведамляюць украінскія СМІ.

У аэрапорце Данецка ў выніку баявых дзеянняў цалкам знішчаная узлётна-пасадачная паласа. Жорсткія баі там працягваюцца.

У «ДНР» заявілі, што ў палон узятыя восем украінскіх байцоў. Таксама сцвярджаецца, што «ДНР» узяла пад свой кантроль Пяскі — ключавы пункт на шляху ў аэрапорт.

У Кіеве ані пацвердзілі, ані абверглі гэтую інфармацыю. Там гавораць, што перакінулі ў аэрапорт падмацаванні.

«Інфармацыю пра палонных або параненых і загінулых мы цяпер удакладняем, аднак цяпер пра гэта сказаць не можам». «Там цяпер ідуць баі, таму ўзяць адтуль інфармацыю, якая адпавядае рэчаіснасці… гэта значыць, калі я зараз скажу, праз хвіліну можа быць зусім іншае. Давайце дачакаемся, калі гэтая аперацыя будзе завершана. Мы іх спынім, каб была нейкая перадышка падвесці вынікі», — сказаў спікер антытэрарыстычнай аперацыі Андрэй Лысенка.

Старшыня парламенцкага камітэта па пытаннях нацбяспекі і абароны Сяргей Пашынскі заявіў, што Украіна гатовая ўвесці ваеннае становішча, але гэта пакуль не актуальна.

Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю «Пятаму каналу» ў аўторак вечарам.

«Што дасць ваеннае становішча ў ваенна-палітычным стане? З пункту гледжання мабілізацыі — нічога. З пункту гледжання наяўнасці танкаў ў нас… Калі мы аб'явім ваеннае становішча, у нас што больш танкаў стане?» — сказаў Пашынскі.

«Нам МВФ як ваюючай краіне скажа, што грошай не дамо, таму што ёсць статут Міжнароднага валютнага фонду. Мы вельмі маем патрэбу зараз фінансавай дапамогі», — дадаў ён.

У той жа час, па словах Пашынскага, ужо ўсе неабходныя рашэнні для аб'явы ваеннага становішча ёсць, яны «падпісаныя і запячатаныя ў канверты».

«Калі не дай Бог, у Чарнігаўскай вобласці або ў Харкаўскай з'явіцца хоць адна батальённа-тактычная група, будзе аб'яўлена вайна Расіі, але гэта не той сцэнар, пра які мы павінны марыць», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?