17 кастрычніка на прэс­-канферэнцыі для расійскіх СМІ кіраўнік Беларусі сказаў ці жартам, ці сур'ёзна: «Я кажу: Уладзімір Уладзіміравіч, вы не перажывайце. Гэта вы, кажу, павінны напружвацца. Частка смаленскіх, бранскіх або пскоўскіх зямель некалі належала Беларусі, таму давядзецца падзяліцца».

Адзін з расійскіх сайтаў наладзіў апытанку, вынікі паказалі, што нібыта большасць наведвальнікаў сайта прагаласавала за ўваход вобласці ў склад Беларусі: «Бранск — наш!». Ну, ці будзе наш. Праўда, потым адміністрацыя рэсурса адкрыла карты і сапсавала інтрыгу: большасць з тых, хто «прагаласаваў» за Беларусь, — самі беларусы.

Гэта ўсё натхніла нас на падарожжа ў Бранскую вобласць. Можа, людзі і сапраўды хочуць далучыцца да Беларусі, а ім не даюць?

Але ў першым жа горадзе — Злынцы — нам ледзь не далі ў вока за пытанне: «Ці не супраць вы, каб Бранская вобласць увайшла ў склад Беларусі?». А наогул жа было такое адчуванне, што нас тут чакалі і папярэдзілі праз надпісы на платах, што няма нам тут чаго лавіць. «Слава Руси!» — крычыць невядомы аўтар касымі літарамі на плоце. «Родина — для русских!» — папярэджвае надпіс на іншым плоце ў вёсцы.

Злынка

Самы малы горад Бранскай вобласці, з насельніцтвам больш за 5 тысяч чалавек. Кіруемся туды, дзе найбольш віруе жыццё — на мясцовы кірмаш. Пытаемся там пра ахвотных жыць у РБ, а не РФ. «А мне — ніякай розніцы. Беларусь мне вельмі падабаецца. Там парадак, нават у вёсках чыста. І культуры там больш. Абы ўсё працавала. А то мае сыны кідаюць сям’ю і едуць працаваць на Маскву. Ды як і ўсе амаль мужыкі ў нас. Сем’і распадаюцца. Іншы раз прыедзе бацька — а сын яго не пазнае», — дзеліцца жанчына, якая гандлюе вопраткай на кірмашы.

Побач з ёй некалькі месцаў занялі беларусы. Прапаноўваюць кілбасу, малако, сыр. Кажуць — попыт ёсць.

Маладога чалавека Дзмітрыя, якога сустрэлі на аўтавакзале, вельмі абурыла наша пытанне «за Беларусь». «Што?! Хто сказаў? Вашы тэрыторыі? Ды стоміцеся вы! А калі Лукашэнка так сказаў — то хутка мы Беларусь забяром сабе! І палову Украіны, пачынаючы ад Чарнігава. І Беларусь будзе наша. Нават не сумнявайцеся. І не кажыце, што вы не хочаце ў Расію! Хочаце! Зробім адну вялікую рускую дзяржаву. Таму што ўсе мы — рускія», — эмацыйна выпаліў расіянін.

Сваім жыццём малады чалавек цалкам задаволены: ездзіць на заробкі ў Маскву, зрабіў летам рамонт у сваёй хаце на 300 тысяч рублёў (расійскіх). «У нас лепш, у Расіі! У нас больш грошай, магчымасцей. Мы можам гаварыць усё, што хочам, а вы — не», — пераможна ўсміхнуўся на развітанне жыхар Злынкі.

Навазыбкаў

Пачнём з асартыменту крамаў. Злыя людзі пішуць у інтэрнэце, што Расія вельмі пацярпела ад санкцый, і жыхарам РФ можна хіба толькі рэпу парыць ды бульбу беларускую смажыць. Бо пармезаны і лангусты розныя падпалі пад забарону. Ёсць у крамах крэветкі! Напісана, што краіна вытворчасці — Расія. І авакада на прылаўках было з прыметнікам «расійскае». Мараканскія памідоры. Італьянская кава. Польская бульба­фры і марожаная гародніна. Французскі каньяк, нарвежскі ласось. Апельсіны­мандарыны і так далей. Прадаўцы паціскаюць плячыма: «Не ведаем, што там за санкцыі, у нас усяго хапае, ніякіх праблем няма»

На мясцовым кірмашы раскладзеныя гомельскія і калінкавіцкія кілбасы, мазырскае малако, хлеб і булкі з гіпермаркета «Алмі». Некаторыя мясцовыя прадпрымальнікі касавурацца на беларусаў, іншыя — абураюцца. Даходзіць да канфліктаў.

Досыць абазнанай у палітыцы выявілася пенсіянерка Валянціна Сямёнаўна. Наконт аб’яднання — яна не супраць, толькі хай вырашаюць гэта прэзідэнты. «Нам, як вырашаць — так і добра. Але, канечне, Расія лепш, чым Беларусь. Нам сваё! Расія — наша. Вось толькі ўсе цяпер наваліліся на Расію праз Украіну, усе гэтыя еўры! Маўляў, Пуцін вінаваты. Ды дзякавалі б лепш нашаму Пуціну! Каб не ён — вайна была б, ужо б Украіна пайшла на нас», — разважае пенсіянерка.

Яна згаджаецца, што нядаўна цэны ў Расіі пайшлі ўверх, і ведае чаму. «Гэта праз бежанцаў! Да нас столькі іх прыехала. Я так думаю: старых і дзяцей нам, канечне, трэба было забраць. А вось чаго мужыкі да нас едуць? Яны павінны там заставацца і бараніць сваю зямлю! Бо нам не трэба ўмешвацца!» — упэўнена бабулька.

Жыхар райцэнтра Юрый нават не ведае, да каго далучаць Навазыбкаў. «Тут раней Украіна была, Польшча была, яшчэ раней — Літва. Дык да каго нам далучацца? Канечне, аб’яднацца можна было б з кім, краіна была б мацнейшай. Ат, ды што я магу гаварыць — я звычайны лапаць!» — махае рукой мужчына.

У краме ў вочы кідаюцца футболкі з надпісамі «Самы ветлівы чалавек» і выявай Пуціна. 500 (менш за 150 тысяч) рублёў цана такой прыгажосці.

Дземенкі

Вёска здзівіла нас паваленымі студнямі, скасавуранымі хатамі, якія ўраслі ў зямлю. На прыпынку аўтобуса чакае мясцовая жыхарка Аксана. Яна не бачыць розніцы паміж РБ і РФ. «Дзе чые землі? Ат, тут усё так перамяшана, што не разабрацца. Едзеш у Гомель — мытні няма, мяжы таксама амаль няма — якая розніца, чыя дзе зямля?» — тлумачыць жанчына.

Муравінка

Безліч дзіўных хат: старых, разваленых дашчэнту, спаленых і абшытых нядаўна сайдынгам. Навошта? Тут прыняты такі рамонт? Дом валіцца, а яго абабілі дошкамі, нешта прыбудавалі. Жахлівае відовішча. У адным з такіх занядбаных дамоў, але замкнутых, праз акно ўбачылі дзве свежыя прыгожыя труны. Жах. Сустрэлі адну мясцовую жыхарку, Ніну Іванаўну. Яна праявіла абсалютную абыякавасць да тэрытарыяльных прэтэнзій. «Ат, добра там, дзе нас няма. Добра там, дзе чалавек не хварэе», — завяршыла размову старая. Кажа, што ў вёсцы павыміралі ўсе, толькі некаторыя дамы пад дачу нехта набыў.

Вышкаў

Раней тут была запалкавая фабрыка, потым яна загнулася, і людзі засталіся без працы.

Ля аднаго з двароў рамантуюць плот двое мужчын. Вось яны нам і расказалі пра недарэчны рамонт халуп у суседніх вёсках.

Па расійскім заканадаўстве, чалавек, які жыве ў чарнобыльскай зоне (напрыклад, частка Бранскай вобласці), мае права адмовіцца ад дома ці кватэры і выехаць у іншае месца. Дзяржава ж абавязана выплаціць яму кампенсацыю. Па некаторай інфармацыі, калі квадратны метр у Бранску каштуе 30 тысяч рублёў, то ў Клінцах і Навазыбкаве кошты могуць быць ад 50 да 110 тысяч. На «радыяцыйных» дамах мясцовыя чыноўнікі здорава нагрэлі рукі. Дамы прадавалі па касмічных коштах і па некалькі разоў.

Выявілася, што абабіць халупу сайдынгам, нават калі ў яе няма падлогі і столь заўтра абваліцца на галаву, — значыць разбагацець. Дамы тыя месцяцца ў чарнобыльскай зоне, і такую халупу можна здаць дзяржаве за вялікія грошы. Па словах мясцовых, за звычайны вясковы драўляны дом у тры акны можна атрымаць мільён расійскіх рублёў, а можна і больш. Абабіў сайдынгам ці прыбудаваў нешта — і гэта лічыцца рамонтам. Правёў у калідор ад ганка трубу — і ўжо дом лічыцца як з ацяпленнем. Толькі значна прасцей «пракаціць» такія дамы праз рыэлтараў.

І вось, калі мы ўжо збіраліся дахаты, расчараваныя да апошняй ступені, — поспех! На цэнтральнай плошчы Вышкава нам сустрэўся Уладзімір, які горача згадзіўся і эмацыйна ўхваліў, каб Бранская вобласць, ну хоць Злынкаўскі раён, ну хоць Вышкаў увайшоў у склад Беларусі. «Ну хай бы ўвайшлі мы ў склад Беларусі! Хоць бы ў нас парадак быў! Там жа так чыста, парадак, усё працуе! А тут усё развалілі, раскралі! Мне паўтара года да пенсіі — а дапрацаваць няма дзе!» — папрасіўся да нас жыхар Вышкава.

І тут паўз нас прайшла яго знаёмая і рашуча асудзіла сепаратысцкія схільнасці. Жанчына пачала сарамаціць суседа: «Вова, як табе не сорамна? Навошта табе тая Беларусь? Ну скажы! Што ты, калі далучышся да Беларусі, хіба ты кінеш піць?! Табе якая розніца, Вова? Лепш скажы, колькі гадоў ты працаваў за сваё жыццё!» — заклікала да адказу жанчына.

«А дзе мне працаваць, дзе?» — агрызнуўся той.

Нам жа жанчына кінула: «Агідна, проста агідна слухаць пра такое! Мы — расіяне, і не трэба нам ніякая Беларусь!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?