Як паведамляе Gazeta Wyborcza, віцэ-міністр замежных спраў РП Томаш Арлоўскі і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей падчас сустрэчы 25 кастрычніка дамовіліся адкрыць у нашай краіне польскія візавыя цэнтры.
— Мы атрымалі ад беларускіх уладаў пісьмовую згоду на адкрыццё візавых цэнтраў, — паведаміў Арлоўскі. — Зараз усё будзе залежаць ад польскіх уладаў, дзе, калі і як мы іх створым.
На думку Арлоўскага, такія цэнтры паспяхова працуюць ва Украіне і ў Расіі.
– Мы ведаем, што гэта значна аблегчыць нам выдачу візаў, – дадаў ён. – Падобную практыку ў Беларусі ўжо рэалізавала Вялікабрытанія.
Польскі чыноўнік падкрэсліў, што польскія консульствы ў нашай краіне выдаюць больш за палову ўсіх шэнгенскіх візаў, што афармляюцца ўсімі краінамі ЕС для беларусаў.
Пакуль размова ідзе пра 2-3 візавыя цэнтры. Наколькі павысяцца выдаткі для беларусаў пры атрыманні візаў праз такія цэнтры, пакуль невядома.
***
Візавы цэнтр – гэта аўтсорсінгавае камерцыйнае прадпрыемства, якое дазваляе падаць заяўку на візу і атрымаць пашпарт без неабходнасці самому наведваць консульства.