У Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці супрацоўнікам ДАІ давялося спыняць п'янага кіроўцу стрэламі па колах аўтамабіля.
Як паведаміў начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, інцыдэнт адбыўся 27 кастрычніка. У 13.15 у дзяжурную часць Камянецкага РАУС патэлефанаваў грамадзянін і сказаў, што ў напрамку Камянца рухаецца аўтамабіль «Хонда-Цывік», якім кіруе нецвярозы кіроўца.
Супрацоўнікі ДАІ знайшлі згаданы аўтамабіль на аўтадарозе станцыя Высока-Літоўск — Вярховічы — Каленкавічы — Камянец і падалі яго кіроўцу сігнал аб спыненні. Праігнараваўшы яго, аўтамабіліст спрабаваў уцячы, наносячы шкоду па шляху дарожным знакам і агароджы. Каб не дапусціць уезду «Хонды» ў райцэнтр, супрацоўнікі ДАІ прынялі рашэнне выкарыстаць табельную зброю. Паколькі тры папераджальныя стрэлы ў паветра кіроўцу не спынілі, супрацоўнікам ДАІ давялося страляць па колах аўтамабіля. У выніку непадалёк ад Камянца ён быў затрыманы.
За рулём знаходзіўся 31-гадовы мясцовы жыхар. Медыцынскі агляд выявіў, што канцэнтрацыя алкаголю ў парах выдыханага ім паветра складае 2,7 праміле. У дачыненні да парушальніка складзены шэсць адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення, а таксама за невыкананне патрабавання аб спыненні транспартнага сродку. Аўтамабіль дастаўлены на штрафстаянку.
Як зазначыла Сахарчук, з пачатку гэтага года на дарогах Брэсцкай вобласці было затрымана 4.785 нецвярозых кіроўцаў.