Матч кваліфікацыі Еўра-2016 паміж зборнымі Сербіі і Албаніі ў Бялградзе сёння, 14 кастычніка, быў спынены ў канцы першага тайма.

На 41-й хвіліне на поле з трыбун спікіраваў дрон з прымацаваным да яго банерам з албанскім арлом і абрысам «Вялікай Албаніі», што ўключае Косава і частку Македоніі. Злева ад абрысу быў партрэт Ісмаіла Кемалі — лідара албанскага нацыянальнага руху і першага кіраўніка незалежнай Албаніі ў 1912—1914. А справа — партрэт Ісы Балеціні, важака албанскіх паўстанцаў таго ж перыяду, што ваяваў у тым ліку супраць сербаў за Косава.

Абаронца сербаў Стэфан Мітравіч дастаў сцяг і пачаў яго зрываць з дрона. Да яго падбег абаронца албанцаў Мергім Маўрай. Албанцы здолелі вырваць сцяг і пераправіць яго на лаўку запасных.

Пачалася бойка.

Да бойкі паміж футбалістамі далучыліся ўдзел члены абедзвюх каманд, афіцыйныя асобы. Хтосьці біўся, хтосьці разнімаў.

Затым на поле паляцелі староннія прадметы, заўзятары вырваліся на газон. Яны напалі на албанскіх футаблістаў, сербская паліцыя з цяжкасцю іх стрымлівала.

Матч быў спынены і абедзве каманды пакінулі поле.

Да гонару сербскіх футбалістаў, яны нават праводзілі албанцаў да раздзявальні, каб абараніць іх.

 ВІДЭА Ў ДОБРАЙ ЯКАСЦІ ТУТ 

Фанаты таксама скандавалі: «Пуцін, Пуцін».

Сербская паліцыя падазрае, што дронам з віп-ложы кіраваў брат прэм'ер-міністра Албаніі Эдзі Рамы Орфі Рама. Яго затрымалі, вядзецца следства.

Вывучыць абставіны здарэння і УЕФА. Выказваецца меркаванне, што зборнай Сербіі могуць залічыць тэхнічнае паражэнне — 0:3.

Як паведамлялася раней, кіраўнік Расіі 16 кастрычніка наведае Сербію і дзеля гэтага нават быў перанесены з 20 на 16 кастрычніка вайсковы парад з нагоды 70-й гадавіны вызвалення Бялграда ад немцаў.

У той жа час на наступным тыдні ў Бялград павінен быў прыехаць албанскі прэм'ер. Гэта быў бы першы візіт такога ўзроўню за 70 гадоў.

Сербскі прэм'ер Івіца Дачыч назваў інцыдэнт спланаванай палітычнай правакацыяй. «Як рэагавалі б, калі б сербы прынеслі на стадыён у Тыране або Прышціне банер з контурам Вялікай Сербіі? Пытанне вынеслі б на Раду бяспекі ААН», — цытуе яго бялградская газета «Данас».

Сербаў на Балканах каля 8 мільёнаў, з іх 6,3 млн жыве ў межах Сербіі.

Албанцаў на Балканах каля 5,2 млн, з іх 3 млн жыве ў межах Албаніі.

Абедзве нацыі маюць шматлікую дыяспару ў іншых краінах Еўропы па-за Балканамі.

Інцыдэнт у Бялградзе нагадаў, якія глыбокія карані мае этнічная нянавісць на Балканах.

«Нацыяналісты забілі футбол», — такі загаловак дае сербская газета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?