Трапіў у гісторыйку і ў міліцэйскія паперы.

Апоўні іду па вуліцы ў квартале Шанхай (гэта некалькі вуліц у Параф’янаве, забудаваных прэзідэнцкімі домікамі, якія заселеныя пераважна прыезджымі работнікамі сельскай гаспадаркі). Насустрач — двое малых, адзін нясе іржавы снарад. Яшчэ трое бягуць за імі і расказваюць, што тыя першыя гэты снарад у іх адабралі.

«Пакладзіце на зямлю!» — крычу. Ідуць як ішлі. Я — за імі. Малыя пайшлі гародамі, каля хлявоў, пералезлі праз плот і прынеслі снарад на падворак аднаго з прэзідэнцкіх домікаў.

Стаў каля снарада, патэлефанаваў у РАУС. Праз пяць хвілін з дому выйшлі гаспадар з жонкай. Адборным расейскім матам бацька выдаў загад дзецям: утапіць снарад у сажалцы. «Мне міліцыя і бумагі іхнія ні нужны!»

Малыя панеслі снарад да сажалкі, дзе такія самыя падшыванцы вудзілі рыбу (рыбы там столькі, што кату наесціся не хопіць). Паклалі на беразе. Я стаў каля снарада, сачу, каб малыя яго больш не чапалі. А дзяцей збеглася можа чалавек пятнаццаць. Дарослым гэта чамусьці да лямпачкі.

Ідзе нейкая жанчына. «А што тут гэткага, ці ж гэта первы раз снарады находзяць?!»

Прыехалі міліцыянты, разагналі дзяцей. Малады лейтэнант узяў з мяне тлумачэнні. Я пайшоў дадому, а міліцыянт пільнуе снарад, пакуль сапёры не прыедуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?