Звычайная аперацыя па выдаленні зуба аказалася смяротнай для 18-гадовага амерыканца. Бэнджамін Ламантэнь звярнуўся да лекара з-за балю ў зубе мудрасці. Доктар з багатага нью-ёркскага раёна Лонг-Айлэнд параіў не лячыць гэтага зуба, бо ён усё адно непатрэбны, але калі яго пакінуць, ён заразіць карыесам суседнія зубы.

У выніку вырашана было выдаліць яго. Праз два дні Бенжамін памёр проста на руках сваёй мамы, паведамляе брытанскае выданне The Independent.

Аказалася, што пасля выдалення зуба пацыент атрымаў рэдкую, вельмі цяжкую і хуткую форму бактэрыяльнай інфекцыі, якая за пару дзён знутры з'ела мышцы і тканіны арганізма.

Мясцовыя медыцынскія эксперты лічаць, што інфекцыя магла трапіць у кроў Бэнджаміна або падчас аперацыі, або пасля яе. У выніку ў маладога чалавека развіўся некратычны фасцыіт. Гэта рэдкая хвароба, якую выклікае пэўная група бактэрый-стрэптакокаў. Мікраарганізмы трапляюць з крывёю ў падскурныя тканіны і цягліцы і літаральна раз'ядаюць іх.

Прычым распазнаць захворванне цяжка, бо сімптомы нічым не розняцца ад простага запалення. У хворага павышаецца тэмпература цела, з'яўляецца пачырваненне на скуры. Да таго ж хвароба развіваецца імкліва, што становіцца яшчэ адной складанасцю для дыягностыкі. Бактэрыі-людажэры за некалькі гадзін захопліваюць ўвесь арганізм.

Пры своечасовым выяўленні гэтага захворвання яго лёгка вылечыць антыбіётыкамі. Па статыстыцы, ад фасцыіту гінуць каля 3—5% хворых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0