Міністэрства эканомікі Беларусі праверыць наяўнасць цэнавай змовы на ўзроўні птушкафабрык. Калі факт такой змовы будзе ўстаноўлены, цэны на паўфабрыкаты з мяса птушкі могуць знізіцца.

«У сувязі са значным павелічэннем рознічных цэн у маі на паўфабрыкаты з мяса птушкі ў мэтах выяўлення цэнавых змоў Дэпартамент цэнавай палітыкі Мінэканомікі накіраваў адпаведныя запыты птушкафабрыкам аб узроўні адпускных цэн на гэтую прадукцыю і прычынах іх змены», — паведамілі БелаПАН у прэс- службе Мінэканомікі.

Калі факты цэнавай змовы будуць выяўлены, вінаватыя будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

«Выяўленне цэнавай змовы пагражае штрафнымі санкцыямі і «адкручваннем» цэнаў у адваротны бок», - растлумачылі ў міністэрстве.

Лімітавая максімальная адпускная цана на мяса куранят- бройлераў (у тушках) устанаўлівае Мінэканомікі, а адпускныя цэны на паўфабрыкаты - сам вытворца.

У трэцяй дэкадзе мая для выраўноўвання адпускных цэн на мяса птушкі (у тушках) з расійскім узроўнем Мінэканомікі павысіла гранічныя максімальныя адпускныя цэны на гэтую прадукцыю на 10%.

Разам з тым, папярэднія вынікі маніторынгу, праведзенага Міністэрствам эканомікі, далі падставы меркаваць, што падаражэнне паўфабрыкатаў не супастаўна з тым узроўнем змены адпускных цэнаў, які быў раней вызначаны дзяржавай.

Варта адзначыць, што цэны на мяса птушкі і паўфабрыкаты з яго выраслі на фоне дэфіцыту свініны, які, у сваю чаргу, стаў вынікам памяншэння пагалоўя з-за барацьбы ўладаў з афрыканскай чумой свіней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?