Згодна з афіцыйным пратаколам матча Швецыя—Чэхія, размешчаным на сайце Міжнароднай хакейнай федэрацыі, гульню наведала 6018 чалавек. Пры гэтым умяшчальнасць «Чыжоўка-Арэны» — 9614. Гэта значыць, арэна была пустой на траціну.

З іншымі гульнямі сітуацыя падобная. Славакія—Чэхія — 6900 гледачоў (хоць квіткоў у продажы перад гульнёй не заставалася). Фінляндыя—Латвія — 11700 (матч праходзіў на «Мінск-Арэне», яе ўмяшчальнасць — 15086 чалавек).

Не збіраюць аншлагу нават матчы з удзелам зборнай Беларусі. На гульню з амерыканцамі прыйшло 13600 чалавек, з Казахстанам — 13734, са швейцарцамі — 13207. Рэкорд у расіян — іх матч са зборнай ЗША наведалі 14124 чалавекі.

Чаму чэмпіянат не збірае аншлагаў, хоць усе квіткі раскупленыя?

У інтэрв’ю «Прэсболу» памочнік кіраўніка краіны па спорце Максім Рыжанкоў тлумачыць вольныя месцы на трыбунах так:

«Рэч у тым, што Міжнародная федэрацыя хакея разам з партнёрскай кампаніяй Infront, якая займаецца арганізацыяй чэмпіянатаў свету, браніруюць на ўсе матчы каля трох тысяч білетаў для размяшчэння журналістаў, каманд, якія ўдзельнічаюць у турніры, і сваіх гасцей».

Але справа не толькі ў гэтым. У прафкаме студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта расказваюць, што толькі па прафсаюзнай лініі разышлося 200 халяўных квіткоў: «Мы бясплатна раздавалі квіткі. Універсітэт закупляў, а мы бясплатна раздавалі сваім актывістам. Усяго прафкам раздаў 200 квіткоў. А колькі ў цэлым па ўніверсітэце, я вам не скажу — там больш будзе».

Не дзіва, што набыць квіток нелегальна праз інтэрнэт і па завышанай цане — зусім не праблема.

І гэта яшчэ не ўсё. Згодна з дадзенымі Памежнага камітэта, за тры першыя дні чэмпіянату ў Беларусь па квітках замест віз прыехала 4500 хакейных «заўзятараў» з нехакейнай Польшчы. Колькі з іх даехала да лядовых арэн беларускай сталіцы, можна толькі здагадвацца. Квіток жа каштаваў менш, чым віза, і купіць яго было прасцей.

X

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?