За мінулы год аб`ём паштовых адпраўленняў з Кітая ў Беларусь з таварамі вырас у 10 разоў. Пра гэта 3 красавіка ў Мінску на спецыялізаванай канферэнцыі па інтэрнэт-камерцыі eTrade паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУП «Белпошта» Таццяна Гвоздзева.

«У агульным аб`ёме адпраўленняў з таварнымі ўкладаннямі, якія апрацоўвае пошта, 50% сёння займае Кітай», — канстатавала спецыяліст.

Паводле яе слоў, «Белпошта» працуе над тым, каб інвеставаць у развіццё сваёй службы дастаўкі і павышаць якасць лагістыкі і абслугоўвання кліентаў. У прыватнасці, працягнула Гвоздзева, на міжнародным спецыялізаваным форуме па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО 2014», які пройдзе ў красавіку ў Мінску, РУП «Белпошта» прадэманструе ўзор свайго паштамата. Яго плануецца ўсталяваць на чыгуначным вакзале ў Мінску, прычым працаваць гэта прыстасаванне будзе не толькі на атрыманне пасылак, але і на адпраўку.

«Гэта правераная сусветная практыка, і мы будзем гэты кірунак развіваць», — дадала намеснік гендырэктара «Белпошты».

Паштамат — спецыяльнае аўтаматычнае прыстасаванне для выдачы гатовых адпраўленняў: малагабарытных пасылак і бандэроляў. Выкарыстанне паштаматаў у першую чаргу заклікана павысіць камфорт кліентаў за кошт скарачэння чэргаў у аддзяленнях паштовай сувязі.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?