12 ліпеня партал tut.by паведаміў са спасылкай на ДУ «Cтаўбцоўская раённая ветэрынарная станцыя» пра ўспышку АЧС у вёсках Рачэвічы і Сопкаўшчына Літвенскага сельскага савета, а таксама ў вёсцы Русакі Рубяжэвіцкага сельсавета.

«Мы адбіраем пробы, дасылаем іх у дзяржаўны ветцэнтр, і там пацвярджаецца хвароба і тады ўжо ідзе „зачыстка“ ўсёй вёскі. Мы нават не ведаем, калі наступны раз будзе мор свіней. Гэта ж не тое, што сёння ў цябе, заўтра ў суседа. Ён можа быць сёння ў адной вёсцы, заўтра — у іншай. Сёння свіней адбіраюць у Тонава, што побач з Рубяжэвічамі», — прыводзіць словы раённых ветэрынараў партал. спецыялісты.

Галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Беларусі Юрый Піваварчык у размове з журналістам tut.by адмовіўся ад каментароў. «Любыя пытанні накіроўвайце ў пісьмовым выглядзе ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Ёсць заканадаўча ўстаноўлены парадак зваротаў».

Пазней Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь абверг інфармацыю аб успышцы афрыканскай чумы свіней (АЧС) на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, паведамляе БелаПАН

«Інфармацыя, апублікаваная са спасылкай на супрацоўнікаў ГУ „Стаўбцоўская раённая ветэрынарная станцыя“, не адпавядае сапраўднасці і расцэньваецца дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду як спроба нагнятання становішча вакол сітуацыі з гэтым захворваннем у краіне, — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце ведамства. — На тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна па стане на 12 ліпеня не зафіксавана выпадкаў падзяжу свіней, выкліканага АЧС».

Як заявілі ў дэпартаменце, «зараз у гэтым раёне, які ўвайшоў у першую пагражаную зону, у сувязі з рэгістрацыяй ачага АЧС у суседнім з ім Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па недапушчэнні распаўсюджвання гэтага захворвання, у тым ліку канфіскацыя і зарэз свіней для стварэння буфернай зоны».

***

Памятка насельніцтву: АЧС — прыкметы захворвання, меры бяспекі*

Афрыканская чума свіней (АЧС) — асабліва небяспечная высокакантагіёзная вірусная хвароба хатніх і дзікіх свіней, якая характарызуецца хуткім распаўсюджваннем, высокай ступенню смяротнасці. Гіне да 100% хворых свіней. Лекавыя сродкі для прафілактыкі і лячэння АЧС адсутнічаюць. Крыніцай хваробы з’яўляюцца хворыя свінні, якія вылучаюць вірус з мачой, калам, выдзяленнямі з носа ды інш.

Афрыканская чума свіней не ўяўляе небяспекі для здароўя людзей.

Перадаецца

Перадача захворвання здаровым жывёлам можа ажыццяўляцца праз заражаныя вірусам корм, посцілку, гной, трупы і прадукты забою жывёл (мяса, мясапрадукты, кроў).

Клінічныя прыкметы захворвання

Ад заражэння да з’яўлення клінічных прыкмет праходзіць 2–7 дзён. У жывёл павышаецца тэмпература цела да 42 градусаў, з’яўляюцца кашаль, ускладненні дыхання, знікае апетыт, узмацняецца смага, адзначаюцца прыступы ванітаў і паралічу задніх канечнасцяў, на скуры ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, у аснове вушэй, на пятачку і хвасце становяцца прыкметныя чырвона- фіялетавыя плямы.

Смерць наступае на 1–5 дзень, у рэдкіх выпадках пазней.

Каб пазбегнуць ўзнікнення і распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней неабходна выконваць наступныя меры:

— праводзіць штодзённы агляд свіней з мэтай своечасовага выяўлення магчымага захворвання жывёл;

— не скормліваць свінням харчовыя адкіды і адходы, атрыманыя пасля забою свіней, праводзіць утылізацыю адходаў ва ўсталяваных месцах;

— не набываць корм і кармавыя дадаткі невядомага паходжання ў неўстаноўленых гандлёвых месцах (абавязковыя наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць паходжанне і бяспеку кармоў, наяўнасць дазволу на гандаль і г.д.);

— не набываць жывых свіней, мяса і мясапрадукты ў неўстаноўленых гандлёвых кропках, без ветэрынарных суправаджальных дакументаў;

— дапускаць ветэрынарных лекараў на тэрыторыю прыватных падворкаў для агляду свіней і правядзення мерапрыемстваў;

— неадкладна паведамляць пра ўсе выпадкі захворвання свінняў спецыялістам ветэрынарнай службы або сельскім выканаўчым камітэтам;

— не дапускаць наведвання асабістых падворкаў староннімі асобамі;

— пастаянна весці барацьбу з грызунамі;

— не завозіць свіней без ўзгаднення з Дзяржаўнай ветэрынарнай службай раёна з іншых рэгіёнаў.

Памятайце: Выкананне вамі гэтых рэкамендацый накіравана на папярэджанне заносу АЧС на тэрыторыю вашых падворкаў і прадухілення эканамічных страт.

*Інфармацыя Дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?