Памёр мастак з Маладзечна Кастусь Харашэвіч.
Пра гэта ў сваім фэйсбуку паведаміў літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч.
Кастусю Харашэвічу 6 ліпеня споўнілася 86 гадоў (нарадзіўся ў 1927 г. у в. Літва Маладзечанскага раёна). Ён быў вучнем педагога Барыса Кіта, вучыўся ў Маладзечанскай гандлёвай школе.
Творчасць
Па ўспамінах Харашэвіча, да мастацтва ён прыйшоў ужо сфармаванай асобай. Першую сапраўдную карціну ён убачыў у 20 гадоў: яго гэта ўзрушыла. Тады пачаў капіраваць чужыя палотны. У 27 толькі паступіў у мастацкае вучылішча. А да гэтага яго больш цікавіла літаратура.
«Не ведаючы аб жывапісе, я спрабаваў сябе ў паэзіі. Былі мае вершы, канечне ж, па-юнацку наіўныя, але іх размяшчалі ў школьнай насценнай газеце. Збіраўся я стаць празаікам, каб узяцца за тэмы па гісторыі Беларусі. Гісторыю я любіў і ведаў нядрэнна, нават і цяпер нешта памятаю. Асабліва мяне ўсхвалявалі тэмы паўстанняў, а сярод паўстанцаў — асоба Кастуся Каліноўскага. Збіраўся прысвяціць яму паэму ці празаічны твор»,
— казаў Кастусь Харашэвіч у адным з інтэрв’ю. Але ягоная літаратурная спадчына згарэла ў 1944 разам з домам: пры адступленне немцаў яны падпалілі вёску.
Разам з Ядвігай Радзялкоўскай у Маладзечне ён арганізаваў мастацкую студыю. А сяброў Саюза мастакоў было так шмат, што хацелі нават абласное адздяленне саюза зрабіць у Маладзечне.
Асабістае жыццё скаладася няпроста.
Ён хацеў дапамагчы дзяўчыне, бацьку якой савецкая ўлада залічыла ў кулакі. Думаў, што ажэніцца з ёй і выратуе ад высылкі. Толькі ўсё склалася па-іншаму.
Кастуся Харашэвіча зганілі як зяця кулака: выключылі з камсамола. Яны пераехлі ў Вільню, дзе меркавалі знайсці спакой. Але не атрымалася. А пасля і развяліся. Дзяцей не мелі.
У другім шлюбе ў мастака нарадзіўся сын. Ён адслужыў у Афганістане, вярнуўся, але загінуў пазней. Афіцыйная версія — выпаў з акна. Але мастак быў схільны лічыць, што гэта быў не трагічны выпадак. Гэта было адзінае дзіця ў сям'і.
Ад пачатку
Яго творы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лондане, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінскім абласным краязнаўчым музеі Маладзечна, Скандынаўскім цэнтры ў Мінску, а таксама ў прыватных зборах у Польшчы, Германіі, ЗША, Канадзе і Ізраілі.
Аўтар кнігі ўспамінаў «Зведанае і перажытае», 2004 год.
Ён уганараваны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве». У Маладзечне двойчы яго прызнавалі «Мастаком года».