Рэформу трэба было пачынаць яшчэ ўчора. Яна разлічана мінімум на 20 гадоў.
Аднак ўрад не рызыкнуў разгледзець канцэпцыю рэформы пенсійнай сістэмы, выпрацаваную Бізнес-саюзам прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага напярэдадні парламенцкай кампаніі 2012 года.

Не дайшлі рукі да рэформы пенсійнай сістэмы ва ўладаў і дагэтуль. Ганаровы старшыня Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага Георгій Бадзей упэўнены, што чым пазней пачнецца рэформа, тым даражэй яна абыйдзецца грамадству.

Бо ўжо ў 2014 годзе Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва можа сутыкнуцца з праблемамі недахопу сродкаў на выплату пенсій. Ці можна прадухіліць фінансавы калапс?

Георгій Бадзей адказвае на пытанні «СНплюс» у рамках «Еўрапейскага дыялогу на тэму мадэрнізацыі Беларусі».

— Праз дэмаграфічную сітуацыю, тэндэнцыі старэння насельніцтва і высокія адлічэнні ў 2014 годзе, а можа, ужо і ў гэтым, мы можам сутыкнуцца з пэўнымі праблемамі, — кажа эксперт. — Але мяне хвалююць не праблемы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Галоўнае пытанне — наколькі наша пенсійная сістэма справядлівая? І другое пытанне, не менш істотнае: наколькі гэтая сістэма прымушае людзей задумвацца пра сваю будучыню?

Наша пенсійная сістэма несправядлівая, і несправядлівая ў першую чаргу да тых, хто лепш і больш працаваў. Высокааплатным работнікам пенсія кампенсуе 20–30% страчанага заробку, а нізкааплатным — пакрывае да 70% заробку.

Тых, хто больш за ўсіх даваў грамадству, сістэма сёння робіць беднымі, а тых, хто ўсё жыццё працаваў не сваімі рукамі, — стымулюе.

— У нас з савецкіх часоў захавалася размеркавальная сістэма. З чаго пачынаць яе рэфармаванне?

— Пачынаць рэфармаванне сістэмы трэба было даўным-даўно. І пэўныя крокі нават зробленыя. З 1990 года ў нас уведзены персаніфікаваны ўлік паступленняў у пенсійны фонд. Хаця б адзін працэнт, але ёсць! Гэта быў крок у слушным кірунку.

Але, увёўшы персаніфікаваны ўлік, выдаткаваўшы сродкі, паклалі гэты ўлік пад сукно — сёння ён нікому не патрэбны. Цяпер варта было б выцягнуць на белы свет дадзеныя персаніфікаванага ўліку і паглядзець, як нашы пенсіі прывязаныя да выплачаных узносаў. Трэба было б перайсці да налічэння пенсій па прынцыпе: хто больш унёс, той больш атрымаў.

У выніку пэўнай часткі насельніцтва, якая мела нізкія заробкі, прыйшлося б урэзаць пенсіі. Вядома, урэзаць пенсіі сёння нельга, трэба знаходзіць крыніцы, як гэтым людзям забяспечыць выплату налічанай пенсіі.

— А дзе грошы браць?

— Гэта маглі б быць датацыі з бюджэту (адзін падатак на даданую вартасць складае 20 адсоткаў), адсоткаў 30 ад прыватызацыі можна было накіроўваць на падтрымку людзей, якія не здолелі самі сябе забяспечыць.

Я кажу пра працоўныя пенсіі, якія называюць пенсіямі па сацыяльным страхаванні. Насамрэч страхавання ў нас няма, мы збіраем сацыяльны падатак 35%, які потым размяркоўваем. Трэба перайсці ад сацыяльнага падатку да сацыяльнага страхавання. Ад размеркавальнай сістэмы (усім патрошку) трэба перайсці да заробленых страхавых пенсій.

— Адна з дадатковых крыніцаў фінансавання пенсійнай сістэмы -павелічэнне падаткаў на працоўных і бізнэс. Як бізнэс і працадаўцы ацэньваюць такі сцэнар?

— Сацыяльны падатак у Беларусі (1% плоціць грамадзянін і 34% плоціць наймальнік) — самы вялікі сярод нашых суседзяў. І адзін з самых вялікіх у свеце. Думаю, ён з’яўляецца адной з прычын неканкурэнтаздольнасці нашай прадукцыі, якая сёння пыліцца на складах.

— А пераход да сацыяльнага страхаванні дазволіць вырашыць гэтую праблему?

— Пенсійная рэформа — не разавы акт, не аднадзёнка. Працоўная група пры нашым саюзе, якая выпрацавала канцэпцыю рэформы пенсійнай сістэмы, лічыць, што на правядзенне пенсійнай рэформы спатрэбіцца не менш за 20 гадоў, каб пазбегнуць сацыяльных узрушэнняў.

Я вывучаў пенсійную сістэму Германіі. Уся адказнасць за пенсійнае забеспячэнне падзеленая пароўну паміж наймальнікам і самім працаўніком. У нас, паўтаруся, 34% аплачвае наймальнік, і толькі 1% — сам працаўнік, які папросту забывае пра гэты працэнт. А колькі плаціць наймальнік у пенсійны фонд, працаўніку ўсё роўна, таму што ён не бачыць гэтых грошай. Калі б бачыў, то сам бы адмаўляўся ад заробку ў канвертах.

— Чый вопыт бліжэй за ўсё Беларусі?

— Вельмі актыўна праводзіла рэформу Польшча. І Расія. Праўда, у Расіі з першага разу нічога добрага не атрымалася, але яна не адмовілася і працягвае праводзіць рэформы.

На мой погляд, вельмі разумная сістэма існуе ў Германіі. Там таксама салідарная сістэма — цяперашнія працаўнікі ствараюць фонд на ўтрыманне пенсіянераў. Але той, хто працуе, ведае, колькі ён будзе атрымліваць у будучыні. У Нямеччыне па-іншаму падыходзяць да размеркавання і кіравання пенсійнымі рэсурсамі.

Мы лічым, што пенсійная сістэма павінна быць аддзеленая ад усіх іншых відаў страхавання.

Мы прапануем тры складнікі пенсійнай сістэмы. На першым узроўні салідарнай сістэмы ўсе прыкладна аднолькава ўносяць і прыкладна аднолькава атрымліваюць. Другі ўзровень — тыя, хто атрымлівае больш высокі заробак, і трэці ўзровень — добраахвотнае страхаванне.

— А што перашкаджае нам прыступіць да рэфармавання пенсійнай сістэмы? Бо без малога траціна насельніцтва — пенсіянеры, і беларусы працягваюць старэць.

— Грамадзянам такога права ніхто не даў, а дзяржаве, відаць, пакуль не трэба.

Дзяржаўным чыноўнікам трэба жыць не толькі сённяшнім днём — павінна быць адказнасць перад будучымі пакаленнямі. Сусветны банк прагназуе, што ў 2014 годзе пачнуцца праблемы з выплатамі пенсій. Але ці гатовыя тыя чыноўнікі, якія не хочуць абмяркоўваць праблему пенсійнай рэформы, несці адказнасць за ўласнае марнаванне часу?

— Эканоміка ў краіне знаходзіцца ў жаласным стане. Але ж Сусветны банк гатовы крэдытаваць пенсійную рэформу, шырокія магчымасці дае «Еўрапейскі дыялог на тэму мадэрнізацыі». Чаму ўлады не скарыстаюцца дапамогай?

— Мне здаецца, і народ не хоча. Сёння ёсць кармушка, няхай яна ледзь-ледзь запоўненая, але пакуль хапае. А што будзе заўтра — ніхто не думае.

— Пра пенсійную рэформу ходзяць толькі размовы. І ўсё ж: калі ва ўлады рукі дойдуць да яе?

Бізнэс-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага афіцыйна ўнёс канцэпцыю рэформы пенсійнай сістэмы на разгляд нацыянальнага савета па сацыяльных і працоўных пытаннях. Вусна нам патлумачылі, што разглядаць такую выбуханебяспечную праблему напярэдадні парламенцкай кампаніі немэтазгодна. Рэформа не пачата да гэтага часу.

Рэформу пенсійнай сістэмы трэба было пачынаць, як кажуць, учора, паколькі яна разлічана мінімум на 20 гадоў.

Першы, падрыхтоўчы, этап мы прапаноўвалі правесці ў 2012–2013 гадах, правёўшы шырокае абмеркаванне падставовых пытанняў і прыняўшы заканадаўства. На другім этапе (2014 — 2027 гады) трэба было сфармаваць сістэму абавязковага страхавання першага і другога узроўняў, падрыхтаваць умовы для развіцця пенсійных накапленняў трэцяга ўзроўню, стварыць асобную сістэму дзяржаўнага дапамогі. На трэцім этапе (2028 — 2042 гады) меркавалася завяршыць параметрычныя змены пенсійнай сістэмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?