18 чэрвеня ўзнагароды атрымаюць найлепшыя прэс-фатографы Беларусі.
Літаральна заўтра адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі — 2013» — аўтараў найлепшых прэсавых фотаздымкаў мінулага года, абраных міжнародным журы. Быць беларускім фатографам у нашыя часы — справа няпростая. 17 красавіка Ашмянскі суд прызнаў экстрэмісцкімі альбомы «Прэс-фота Беларусі — 2011». Шкоднымі былі прызнаныя нават фота прыроды і слоікаў з грыбамі. Мы паразмаўлялі з аўтарамі «экстрэмісцкіх» здымкаў.
* * *
«Прэс-фота Беларусі» — конкурс фатографаў, якія працуюць у сферы медыя. Быў заснаваны ў 2009 годзе айчыннымі фотарэпарцёрамі. Праводзіцца штогод. У конкурсе бяруць удзел супрацоўнікі як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ.
У 2013 годзе аргкамітэт атрымаў больш за 2500 конкурсных здымкаў ад рэкорднай колькасці удзельнікаў — 114-ці. Пераможцы вызначаюцца ў 9-і рубрыках — «Навіны», «Паўсядзённае жыццё», «Спорт», «Рэпартажныя партрэт», «Пастановачны партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Традыцыі» і «Мабілаграфія». У кожнай намінацыі ўзнагароджваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі работ.