Супрацоўнікі фермы «Знаменка» ў Брэсцкім раёне, вінаватыя ў парушэнні правіл транспарціроўкі буйной рагатай жывёлы, прыцягнуты да адказнасці, загадчыца фермы звольнена. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Арэшка.

Нагадаем, 6 чэрвеня на сайце nn.by быў апублікаваны дасланы ў рэдакцыю відэаролік пра транспарціроўку каровы з фермы «Знаменка», якая ўваходзіць у склад ААТ «Меднаўская птушкафабрыка», на ААТ «Брэсцкі мясакамбінат». Каб пагрузіць карову, супрацоўнікі фермы скінулі жывёліну з каўша пагрузчыка ў грузавік з вялікай вышыні. Відэа выклікала шырокі грамадскі рэзананс.

Паводле слоў Арэшкі, 12 чэрвеня адбылося пасяджэнне назіральнага савета ААТ «Меднаўская птушкафабрыка», на якім абмяркоўваліся парушэнні правіл транспарціроўкі буйной рагатай жывёлы на ўчастку «Знаменка». У прыватнасці, на пасяджэнні паведамлялася, што пагрузка і транспарціроўка павінны ажыццяўляцца пад кантролем загадчыка фермы і ветфельчара.

Згодна з рашэннем назіральнага савета, загадчыца фермы звольнена за сістэматычнае невыкананне службовых абавязкаў. Памочніку загадчыцы, ветфельчару, аб’яўлена вымова, заатэхніку ўчастка «Знаменка» — заўвага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?