Пасля фінішу Гран-пры Канады «Формулы-1» на трасе ў Манрэалі загінуў маршал. 38-гадовы валанцёр дапамагаў эвакуяваць разбіты «Заўбер» Эстэбана Гуціераса.
Работнік суправаджаў кран, які вёз гоначны аўтамабіль у боксы. Аварыя адбылася пасля таго, як маршал, які знаходзіўся перад эвакуатарам, выпусціў рацыю і нагнуўся, каб яе падняць. Кіроўца крана не ўбачыў калегу і задушыў яго.
Дактары падбеглі да траўмаванага работніка Гран-пры Канады праз 30 секундаў пасля ДТЗ. У той момант маршал быў у свядомасці. Пацярпелага даставілі ў медыцынскі цэнтр на трасе, а адтуль на верталёце пераправілі ў бальніцу Sacré-Coeur. Аднак мужчына памёр. Сваякі загінулага папрасілі не выдаваць яго імя і прозвішча.
«Па целе маршала праехала велізарнае кола — гэта справакавала множныя пераломы», — распавёў галоўны доктар Гран-пры Канады Жак Бушар.
Эстэбан Гуціерас разбіў балід падчас гонкі «Формулы-1» у Манрэалі. Пілот не пацярпеў і сваім ходам дабраўся да боксаў. Да фінішу заезду аўтамабіль заставаўся ў другім павароце, а пасля заканчэння гонкі маршалы прыступілі да эвакуацыі машыны. Загінулы работнік дапамагаў камісарам Гран-пры Канады на працягу апошніх дзесяці гадоў.
У апошні раз маршал гінуў на гонцы «Формулы-1» у 2001 годзе. На Гран-пры Аўстраліі Грэма Беверыджа забіла кола, што адляцела ад аўтамабіля Жака Вільнёва падчас сутыкнення канадца з Ральфам Шумахерам.
auto.tut.by
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ