Абед для «бедных» — за 9000 рублёў.

Абед для «бедных» — за 9000 рублёў.

Еўрарадыё паснедала ў школьнай сталоўцы.

«Калі там натуральная адбіўная, то будзе 15 тысяч рублёў. Калі проста рубленая катлета, то танней. Дзеці раз на тыдзень здаюць грошы, зацвярджаецца двухтыднёвае меню камбінатам школьнага харчавання», — малююць схему харчавання ў вучняў 7-й мінскай гімназіі.

І запэўніваюць: 80% дзяцей харчуецца, нікога не прымушаюць. Па 15 тысяч на дзень, ужо 75 тысяч на тыдзень і… 300 на месяц. Не так і танна.

Кошт школьнага абеду залежыць ад… багацця бацькоў, здзіўляюць мяне ў камбінаце школьнага харчавання Савецкага раёна Мінска.

«Дзе якія бацькі ў якой школе, вы ж разумееце, ад гэтага залежыць.

Ёсць элітныя гімназіі, дзе дзеці любяць натуральнае есці: бефстроганаў, шашлык з філе птушкі. Тады даражэй абед: і 14 і 15 тысяч рублёў», — тлумачаць на камбінаце.

Тут заўважаюць, што кошты на прадукты «плаваючыя». Добра падаражала і мяса, і каўбаса.

Кіруюся ў звычайную сталічную школу № 21, каб пакаштаваць абед. Даюць капусту, катлету з макаронамі і сок. Іншых варыянтаў тут не прапаноўваюць. Аддаю за ўсё крыху больш за 9 тысяч рублёў.

Суп смачны, не халодны, катлета таксама смачная. Макароны крыху сухаватыя без соусу. Дзецям, падабаецца, ядуць амаль усе, упэўнівае намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Варвара Падгайская. Яна таксама харчуецца ў сталовай, «каб ведаць, што даюць дзецям»:

«У асноўным, не харчуюцца па стане здароўя, але матывацыя незразумелая, бо яно ж дыетычнае. Ніхто не скардзіцца на харчаванне. У асноўным, кошт фіксаваны, змены нязначныя — тысяча, дзве тысячы рублёў».

У сталовай заўважаю, сапраўды ядуць. Каб пакідалі на талерках ежу, не бачу.

Павары ў сталовай кажуць, што дзеці аддаюць на харчаванне 10, максімум — 12 тысяч на дзень. За маленькімі сочаць, каб елі. Тут жа дзяжураць два васьмікласнікі. Рады, што вызвалілі ад заняткаў.

«Мне пакуль піражкоў і ўсяго, што ёсць у сталовай, хапае. А калі яшчэ што спатрэбіцца — дома паем», — кажа васьмікласнік Арцём.

З яго класу толькі адзін хлопец не харчуецца ў сталовай, прыгадвае Арцём.

Сярэдні абед у беларускай сталовай каштуе 14.470 рублёў, перадае Белстат. Атрымоўваецца, школьны абед у Мінску «па-багатаму» на тысячу даражэйшы за сярэдні па краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?