У першым квартале 2013 года кошт квадратнага метра жылля на другасным рынку ў Мінску ўзрос у сярэднім на 12%, пры гэтым фактычныя цэны здзелак за квадратны метр адрозніваліся ад сярэдніх цэн прапановы ў сярэднім на 190 долараў ЗША. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела кансалтынгу агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Андрэй Астрэйка.

Паводле слоў спецыяліста, у канцы першага квартала ўзрос попыт на двухпакаёвыя кватэры, што павялічыла іх долю ў агульнай структуры здзелак на другасным рынку жылля Мінска да 38%. Большы попыт аказаў уплыў і на цэны ў гэтым сегменце, якія ўзраслі больш чым на 5%, зазначыў Астрэйка. Так, сярэдні кошт двухпакаёвай кватэры склаў 1.350 долараў за квадратны метр, аднапакаёвых і трохпакаёвых — 1.450 і 1.200 адпаведна.

Цэнтральны раён горада па-ранейшаму лідзіруе па кошце квадратнага метра жылля на другасным рынку (2.500 долараў), замыкае спіс Заводскі раён (1.450).

Найбольшая колькасць прапаноў у першым квартале 2013 года была зафіксаваная ў Фрунзенскім раёне горада. З пачатку 2012 года колькасць аб'ектаў, што рэалізуюцца на пярвічным рынку жылля, павялічылася на 35%, пры гэтым структура прапановы засталася нязменнай, зазначыў эксперт рынку нерухомасці.

Па стане на канец сакавіка 2013 года найбольшая колькасць новабудоўляў, што прапаноўваюцца да свабоднага продажу прыватнымі забудоўшчыкамі, была прадстаўлена ў Маскоўскім і Першамайскім раёнах сталіцы.

Бізнес-клас з'яўляецца пераважаючым у структуры прапановы і характарызуецца найбольшым роскідам як па цане, гэтак і па якасных характарыстыках праектаў, зазначыў спецыяліст. Яго доля складае 64% пры сярэднім кошце 1.503 долара за квадратны метр. Далей ідуць жыллё эканомкласа (31% і 1.278 долараў адпаведна) і элітнае (5% і 2.345 долараў адпаведна).

Рост сярэдняга кошту квадратнага метра за апошнія 12 месяцаў склаў 19%. Пры гэтым найбольшы рост цэн зафіксаваны на аб'екты бізнес-класа (23%), зазначыў спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?